Навошта Лукашэнка змяніў пасла ў Расіі
- 22.01.2026, 14:56
У рэжыму з'явіліся праблемы на расійскім рынку.
Пасля таго як пасол у Расіі Аляксандр Рагожнік праваліў усе планы па беларускім экспарце, Лукашэнка адправіў яго ратаваць Віцебскую вобласць. А новым паслом у Расіі стаў ужо былы міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. Бо прыярытэты змяняюцца. А стабільнасці ў свеце як не было, так і няма, піша planbmedia.io.
Да пачатку дыпламатычнай кар'еры Аляксандр Рагожнік быў міністрам прамысловасці. То-бок паўтара года таму галоўным было ўменне пасла прадаваць у Расіі беларускія трактары.
Улічваючы, што новым паслом стаў міністр фінансаў, можна было б зрабіць выснову, што цяпер галоўным становіцца ўменне правільна папрасіць у Расіі ў доўг. Ну ці, як мінімум, уменне не аддаваць даўгі. У чым, як пераканаліся пакупнікі беларускіх дзяржаўных аблігацый, Юрый Селіверстаў мае багаты досвед.
Але насамрэч не. Насамрэч прычына ў тым, што цяпер прадаваць беларускія трактары ў Расіі ўжо не так проста, як раней. У умовах стагнуючай эканомікі на расійскім рынку сваім трактарам месца не хапае.
«Мы павінны не проста прадаць трактар, але і прапанваць умовы, каб ён быў зручны ў абслугоўванні і крэдытаванні, — сказаў Селіверстаў пасля прызначэння. – Традыцыйна заўсёды было прасцей паставіць нейкаму дылеру з адтэрміноўкай плацяжу і чакаць, калі ён сам гэта прадасць, знойдзе рэсурсы і разлічыцца з намі».
То-бок гаворка пра тое, каб Беларусь сама крэдытавала пастаўкі сваёй тэхнікі ў Расію. Гэты падыход ужывалі і раней, але, улічваючы падзенне попыту ў Расіі, цяпер яго трэба будзе ўжываць часцей. Як прапаноўваў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Кіраўскай вобласці ў панядзелак.
«Паколькі ў нас стаўка рэфінансавання ніжэйшая, крэдыты больш даступныя», — гаварыў ён.
Тут, праўда, ёсць некаторыя рызыкі. Па-першае, гэта можа не спадабацца расійскім вытворцам. Расійскія вытворцы і так абвінавачваюць Беларусь у недабрасумленнай канкурэнцыі. У тым, што іх выцясняюць з іх уласнага рынку.
А па-другое, ёсць і фінансавыя рызыкі. Тыя, што крэдыт проста не вернуць. Па стане на канец года дэбіторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў, то-бок тое, што павінны беларускім заводам, складала 100 мільярдаў рублёў. З іх 11 мільярдаў — гэта пратэрмінаваная запазычанасць. За год дэбіторскія даўгі выраслі на 20 мільярдаў.
«Патрэбныя гарантыі. І мы гатовыя і ў фінансавых адносінах супрацоўнічаць. Перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Нам гэта ўсё зразумела. Але так, каб не было страт або каб было менш страт у гэтым плане», — гаварыў Лукашэнка.
Праблема ў тым, што цяпер ніхто ніякіх гарантый даць не можа. Паабяцаць могуць што заўгодна, але не факт, што выканаюць. І ад замены міністра прамысловасці на міністра фінансаў не вырасце ні попыт на расійскім рынку, ні плацежаздольнасць расійскіх пакупнікоў.
Дарэчы, замена Селіверставу на пасадзе кіраўніка Мінфіна знайшлася хутка. З Савета Рэспублікі адклікалі выхадца з Мінфіна Уладзіслава Татарынавіча. Традыцыя прасоўваць у міністры фінансаў першага намесніка аказалася парушанай. Здаецца, не выпадкова. Цяперашні першы намеснік у Мінфіне — жанчына. А жанчыны-міністры ў Беларусі цяпер не прынятыя.