Apple выдаліла прыкладанні «Белгазпромбанка»
- 22.01.2026, 16:30
Мабільныя сэрвісы банка сталі недаступныя для спампоўвання ў AppStore.
Прыкладанні «Белгазпромбанка» DailyFin, BGPB mobile і BGPB Business сталі недаступныя для спампоўвання ў AppStore. Пра гэта папярэдзіла прэс-служба фінустановы.
У банку адзначылі, што гэта адбылося «па прычынах, не залежных ад Белгазпромбанка».
Раней усталяваныя прыкладанні DailyFin, BGPB mobile, BGPB Business працягнуць працаваць у звыклым рэжыме. Банк параіў іх не выдаляць і ўключыць дасылку апавяшчэнняў аб аперацыях па картках на электронную пошту.
Уся гісторыя аперацый і новыя паведамленні будуць даступныя ў прыкладанні, як і раней.
«Каманда Белгазпромбанка працуе над аператыўным вырашэннем дадзенай сітуацыі. Хутка мы вернемся да вас з альтэрнатыўнымі варыянтамі і падказкамі адносна далейшага зручнага карыстання нашымі мабільнымі прыкладаннямі», — запэўнілі ў фінустанове.