BE RU EN

Лявон Вольскі: Ты не зорка — ты абслуга

  • 22.01.2026, 16:38

Чаму лаяльнасць да ўлады дыктатара забівае сапраўдную сцэну.

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, як уладкаваная ў Беларусі «музычная індустрыя». На што гатовыя ісці артысты дзеля дэманстрацыі лаяльнасці да ўлады? І ці сапраўды гэта ім дапамагае заваяваць музычны Алімп?

Не абвешчаныя, але ўсім зразумелыя правілы гульні

А пачыналася ўсё вельмі проста — дзяўчаты і хлопцы з перыферыі падавалі надзеі, выступалі ў самадзейнасці, ігралі і спявалі, а потым паехалі заваёўваць сталіцу. У той сталіцы — цывілізацыя: шырокія асветленыя праспекты, модныя кавярні і рэстараны, грошы і шоў-бізнес. Вось туды і пацягнуліся хлопцы і дзяўчаты з вёсак, пасёлкаў гарадскога тыпу, раённых і абласных цэнтраў.

Яшчэ падчас вучобы ў сваіх несталічных школах дзяўчаты і хлопцы зразумелі, што мала проста добра вучыцца ці мець здольнасці, трэба яшчэ абавязкова вытрымліваць неабвешчаныя, але ўсім зразумелыя правілы гульні — актыўнае членства ў афіцыйнай моладзевай арганізацыі, лаяльнасць і піетэт перад уладай. І не толькі мець, але і ўсяляк дэклараваць. Толькі так, інакш не праб'ешся.

Наперадзе бачыліся чароўныя далягляды

І яны прыехалі ў сталіцу падрыхтаваныя — актыўнічалі, удзельнічалі ў ранішніках і вечарынах да 23 лютага і 9 мая, у конкурсах патрыятычнай песні. Натуральна, іх заўважылі і пачалі прасоўваць.

Неўзабаве яны апынуліся ў месцы сваёй мары — на сталічнай сцэне. Спачатку — як і належыць юніёрам — у зборных канцэртах, прысвечаных чарговым выбарам і меркаванай у іх перамозе нязменнай адміністрацыі, або прысвечаных інтэграцыі — «За саюзную дзяржаву», або Дню міліцыі — «Мая міліцыя мяне беражэ», або войску — «Заўсёды на варце»...

Гэта ўсё было нуднавата, празаічна і якосьці руцінна, але наперадзе бачыліся чароўныя далягляды — сольныя канцэрты ў «Мінск-Арэне», а там і вялікая Расія, якая мусіць скарыцца перад бліскучым талентам.

Час ішоў, а далягляды ўсё не набліжаліся. Чарада шэрых бязлікіх канцэртаў не сканчалася; сярод усіх гэтых «Уславім радзіму працай сваёй» ды «На варце міру і прагрэсу» асаблівай пярлінай вылучаўся хіба што «Славянскі базар», дзе было сапраўды шмат не адмыслова нагнанай, а сапраўднай (няхай і нецвярозай, але) публікі.

Хітрая схема «выходзіць у плюс», вынайдзеная ў РБ

Раз на пару гадоў прадзюсар вырашаў, што варта паехаць у тур па РБ. У меркаваныя гарады тура напярэдадні прыязджаў (ці тэлефанаваў у адміністрацыю) менеджар і настойваў, каб мясцовыя прафсаюзы аплацілі 40% квіткоў і распаўсюдзілі іх сярод супрацоўнікаў прадпрыемстваў.

Бо артыст, які прыедзе, вельмі заслужаны і нават не раз выступаў у — святая святых! — Адміністрацыі прэзідэнта для кіраўніка дзяржавы, ягонай сям'і і найбліжэйшага атачэння. Прафсаюзы са стогнамі і енкамі — адкуль браць гэты бюджэт? — хоць-няхоць згаджаліся. Гэтая хітрая (вынайдзеная і распаўсюджаная толькі ў РБ) схема дазваляла ў любым выпадку выходзіць у плюс.

Алімп аказаўся нейкім правінцыйна-мястэчкавым

Калісьці маладыя і перспектыўныя выканаўцы атрымалі званні і рэгаліі. Дыпломы, граматы, званні. Здавалася б — вось тое, да чаго імкнуліся: сталічны Алімп! Але на практыцы гэты Алімп аказаўся нейкім правінцыйна-мястэчкавым, карацей, зусім не Галівуд і нават не Масква — так, нейкі мясцовы міжсабойчык, дзе круцяцца адны і тыя ж правераныя асобы, дзе ты (між іншым, заслужаны артыст!) вымушаны пераапранацца ў агульнай «братняй грымёрцы» разам яшчэ з дзесяццю рознымі беларускімі выканаўцамі.

Тым часам гітарыст «сталічнай зоркі» Стаса Міхайлава мае асобную грымёрку, хаця ён нават не іграе, а — так — перабірае сабе струны пад плэйбэк. І ганарар у гэтага «гітарыста» ў некалькі разоў перавышае твой. І песні гэтага Стаса Міхайлава гучаць на карпаратывах і ў караоке, а твае песні, нягледзячы на жорсткую ратацыю на дзяржаўных каналах, чамусьці ніхто не ведае. Расчараванне!

Адваротны бок медаля: каб прабіцца, трэба быць лаяльным, не — нават адданым. Але калі ты такі, увесь адданы ўладзе, выходзіш на сцэну — ніхто ніколі не будзе лічыць цябе зоркай. Ні гэта ўлада, ні публіка. Бо ўсё адразу счытваецца і адчуваецца.

Зоркі — яны вольныя: захацеў — і пайшоў супраць правілаў. А для цябе гэты сцэнар немагчымы. Бо крок убок — і чорны спіс. Застаецца вытрымліваць рэгламент, а залежных ад рэгламента артыстаў не надта паважаюць. Ты аўтаматычна залічваешся ў катэгорыю «абслуга». Вось такі парадокс.

Пасля 2020-га войска праўладных выканаўцаў значна парадзела. Гэта ўжо не войска, а так — бязладная купка палонных жаўнераў. Брыдуць сабе пад канвоем уладных афіцэраў і прапаршчыкаў, прагна хапаюць падачкі з генеральскага стала...

«Пост крыўды» ад спявачкі з мафіёзным прозвішчам

Вось адна з такіх праўладных — заўсёды была пры сям'і, пры клане, падзеі 2020-га не пахіснулі яе веры ў адзіна правільны курс кіраўніцтва. Калі ўсе яе калегі па канфармісцкай сцэне не вытрымалі і пачалі выказвацца супраць гвалту, яна пісала даносы на сваіх суседзяў, якія ўдзельнічалі ў дваровых актыўнасцях, брала ўдзел у праўладных аўтапрабегах і ўсякіх «Любімых не аддаём».

Гэта спявачка ўзяла сабе як псеўданім прозвішча амерыканскага мафіёзі беларускага паходжання — Меіра (Маера) Ланскага. Не, яна, натуральна, думала, што гэта расійскае дваранска-арыстакратычнае прозвішча (так хочацца быць расійскай арыстакраткай, а не беларускай прыгоннай сялянкай!), а пра Меіра нічога і дагэтуль не ведае, але, як кажуць, «лёс склаўся так»...

І вось гэта наскрозь афіцыйная спявачка з мафіёзным прозвішчам апублікавала ў сацсетках пост расчаравання. Пасля чарговага выступлення на вечарыне для сям'і і набліжаных да клану разам з вышэйзгаданым С. Міхайлавым яна задумалася: ці трэба далей спяваць гэтыя нікому не патрэбныя песні, ці працягваць дзейнасць у гэтым кірунку? Ці ўжо хопіць усяго гэтага? Каментары не парадавалі спявачку.

Думаю, гэты пост быў справакаваны розніцай у стаўленні адміністрацыі і арганізатараў мерапрыемства да «сталічнай зоркі» і мясцовай заслужанай артысткі. Прыніжаная і абражаная, яна сарвалася і напісала «пост крыўды».

Але ў іх, дзяржаўных і праўладных, такі лёс — усё цярпліва вытрымліваць і толькі спрактыкавана ўсміхацца ў адказ на: «Так, не стаім тут, у праходзе, тут зараз будзе ісці сам Стас Міхайлаў са сваімі музыкантамі! Жанчына, вас гэта таксама датычыцца!».

Нічога. Заўтра яна выдаліць свой «пост крыўды», упадзе на калені перад кім трэба і працягне сваю дзейнасць. Безнадзейную і бессэнсоўную.

Апошнія навіны