Францыя затрымала нафтавы танкер, які накіроўваўся з Расіі
- 22.01.2026, 17:37
Аперацыя была праведзена ў міжнародных водах Міжземнага мора.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што сёння, 22 студзеня, французскія Ваенна-марскія сілы пры падтрымцы саюзнікаў затрымалі нафтавы танкер, што накіроўваўся з Расіі:
— Мы не будзем цярпець ніякіх парушэнняў. Сёння раніцай Ваенна-марскія сілы Францыі затрымалі нафтавы танкер, што накіроўваўся з Расіі, знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі і падазраецца ў выкарыстанні ілжывага сцяга.
Аперацыя была праведзена ў міжнародных водах Міжземнага мора пры падтрымцы некалькіх саюзных дзяржаў і ў строгай адпаведнасці з Канвенцыяй ААН па марскім праве.
Па факце здарэння распачата судовае расследаванне:
— Мы намераныя адстойваць міжнароднае права і забяспечваць эфектыўнае выкананне санкцый. Дзейнасць так званага «ценявага флоту» садзейнічае фінансаванню вайны агрэсіі супраць Украіны.
Макрон не ўдакладніў назву судна, але гэта зрабіла марская прэфектура Францыі па Міжземнамор'і. У заяве гаворыцца, што флот затрымаў нафтавы танкер «Грынч», які ішоў з Мурманска. Паводле даных сэрвісу судозаходаў у расійскія парты, танкер пакінуў Мурманск 5 студзеня.
«Грынч» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, ЕС, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Канады і Украіны. Ён перавозіць нафту ў асноўным у Кітай і Індыю. Ходзіць пад сцягам Каморскіх астравоў.
Заўважым, гэта першы выпадак, калі Еўропа затрымлівае нафтавыя танкеры «ценявага флоту» Расіі.