У Італіі паказалі гіганцкі прадстаўніцкі седан L’Epoque
- 22.01.2026, 19:26
Канцэпт даўжынёй 8 метраў атрымаў гібрыдную ўстаноўку магутнасцю 1000 конскіх сіл.
Італьянскае дызайн-атэлье Aznom стварыла незвычайны прадстаўніцкі седан L'Epoque. Вялізны 8-метровы аўтамабіль у стылі арт-дэко атрымаў электрыфікаваную ўстаноўку магутнасцю 1000 конскіх сіл.
Новы Aznom L'Epoque пакуль з'яўляецца канцэптам, аднак кампанія гатовая выпускаць гэтага гіганта на замову. Пра гэта паведамляе сайт Carscoops.
Седан Aznom L'Epoque дасягае 8 м у даўжыню, то бок ён даўжэйшы і за Rolls-Royce Phantom EWB, і за большасць лімузінаў. Для яго спатрэбіліся магутная рама і велізарныя 30-цалевыя колы.
Дызайнеры Aznom натхняліся стылем арт-дэко і эксклюзіўнымі прадстаўніцкімі аўтамабілямі 1920-х і 1930-х гадоў. Седан вылучаецца манументальным дызайнам з доўгім капотам, высокай лініяй вокнаў і звужанай задняй часткай. Шырокая рашотка ў духу Rolls-Royce спалучаецца з тонкімі дыёднымі фарамі.
Пярэднія дзверы Aznom L'Epoque рассоўныя, а заднія — складаюцца з двух секцый: ніжняя частка адкрываецца супраць руху, а верхняя — падымаецца. Экстравагантны салон Aznom L'Epoque выкананы ў стылістыцы класічнай італьянскай мэблі. У аздабленні выкарысталі скуру, дрэва, велюр і медзь.
Цікава, што гіганцкі аўтамабіль мае ўсяго пяць месцаў. У задняй частцы стварылі лаунж-зону з канапай, столікам, міні-баром і распыляльнікам духаў. Акрамя таго, ёсць скрыня для сігар і дарагіх крышталёвых келіхоў.
Новы Aznom L'Epoque з'яўляецца гібрыдам: ён атрымаў чатыры электрарухавікі агульнай магутнасцю 1000 сіл, а таксама батарэю ёмістасцю 100 кВт∙г і бензінавы V6, які служыць генератарам. За камфорт язды адказвае пнеўмападвеска.