BMW здзівіла новым магутным электрычным I3 M60
- 1.10.2026, 4:58
Дакладную магутнасць кампанія пакуль трымае ў сакрэце.
BMW нечакана прадставіла першую версію i3 M60 — спартыўны варыянт новага электрычнага седана 3-й серыі. Аўтамабіль атрымаў статус M Performance, поўны прывад і два электрарухавікі, аднак дакладную магутнасць кампанія пакуль трымае ў сакрэце, піша Motor1 (пераклад — сайт Charter97.org).
BMW называе навінку «ultra-potent», але тэхнічныя характарыстыкі i3 M60 абяцае раскрыць пазней. Пры гэтым ужо вядома, што аўтамабіль будзе прыкметна магутнейшы за стандартны i3 50 xDrive, які выдае 463 к.с. і 645 Нм крутоўнага моманту.
Чакаецца, што новы седан зможа разганяцца да 100 км/г менш чым за 4,7 с. Максімальная хуткасць таксама павінна апынуцца вышэй за 200 км/г, на якіх абмяжоўваецца звычайная версія.
«BMW ужо абсталявала i3 M60 дадатковымі дэталямі M Performance», — піша прафільнае выданне. Сярод даступных элементаў будуць шматлікія карбонавыя кампаненты, якія нададуць аўтамабілю больш агрэсіўны выгляд.
Пры гэтым спартыўная версія, найхутчэй, апынецца менш эканамічнай. Звычайны i3 50 xDrive здольны праехаць да 753 км на адным зарадзе, тады як павышаная магутнасць і спартыўныя налады M60 напэўна скарацяць запас ходу.
«Паўнавартасны электрычны M3 з’явіцца ўжо ў 2027 годзе», — адзначаюць аўтары, удакладняючы, што ён атрымае адразу чатыры электрарухавікі і стане яшчэ больш сур’ёзнай спартыўнай мадэллю.