Польшча змяніла правілы збіцця паветраных мэтаў
- 1.10.2026, 7:37
З 1 кастрычніка ўводзяцца новыя правілы для вайскоўцаў.
Польшча з 1 кастрычніка ўводзіць новыя працэдуры для ідэнтыфікацыі і знішчэння варожых паветраных аб’ектаў у сваёй паветранай прасторы. Яны дазволяць вайскоўцам прымаць рашэнне аб збіцці мэты без абавязковай візуальнай ідэнтыфікацыі.
Пра гэта паведамляе Polskie Radio.
Як паведаміў кіраўнік абароннага ведамства Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш, новыя працэдуры ўжо падрыхтаваныя, а польская армія прыступіла да іх укаранення.
Даклад аб гатоўнасці новых правілаў міністру прадставіў аператыўны камандуючы Узброенымі Сіламі Польшчы генерал Ірэнеуш Новак.
Косіняк-Камыш падкрэсліў, што для змянення працэдур не трэба ўносіць змены ў заканадаўства. Новыя правілы ўводзяцца на ўзроўні арміі і будуць вызначаць парадак дзеянняў лётчыкаў і вайскоўцаў, задзейнічаных у проціпаветранай абароне.
Як зменіцца працэдура знішчэння мэтаў
Галоўнае змяненне датычыць ідэнтыфікацыі паветранага аб’екта. Раней для пацвярджэння пагрозы польскі знішчальнік павінен быў наблізіцца да мэты і правесці яе візуальную ідэнтыфікацыю.
Цяпер замест абавязковага візуальнага кантакту будзе выкарыстоўвацца так званая станоўчая ідэнтыфікацыя. Рашэнні аб знішчэнні паветранай мэты можна будзе прымаць на падставе даных радараў і іншых сістэм, а таксама інфармацыі, атрыманай ад украінскага боку.
Такім чынам, лётчыку або аператыўнаму камандуючаму ўжо не будзе патрэбы набліжацца да аб’екта, каб атрымаць візуальнае пацвярджэнне яго тыпу. Сукупнасць даступных даных можа быць падставай для ацэнкі пагрозы.
Раней намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык тлумачыў, што пераход да станоўчай ідэнтыфікацыі дазволіць вайскоўцам выкарыстоўваць, у прыватнасці, радарныя даныя, інфармацыю пра знаходжанне аб’екта ў забароненай для палётаў зоне і звесткі ўкраінскага боку.
Чаму Польшча змяніла правілы
У Міністэрстве абароны Польшчы звязваюць наваўвядзенні з рэгулярнай пагрозай пранікнення беспілотнікаў і іншых паветраных аб’ектаў на тэрыторыю краіны падчас расійскіх атак на Украіну.
Папярэдні парадак быў разлічаны пераважна на мірны час. Абавязковая візуальная ідэнтыфікацыя мела на мэце, у прыватнасці, паменшыць рызыку памылковага паражэння грамадзянскага самалёта або іншага паветранага судна.
У той жа час у абаронным ведамстве Польшчы адзначаюць, што цяперашняя сітуацыя патрабуе больш хуткага рэагавання на паветраныя пагрозы.
У Польшчы ўжо заяўлялі, што новыя правілы будуць тычыцца не толькі знішчальнай авіяцыі, але і верталётаў. Вайскоўцы змогуць выкарыстоўваць сучасныя сістэмы для ідэнтыфікацыі мэтаў без неабходнасці набліжацца да іх на небяспечную адлегласць.