BE RU EN

Польскі генерал: Ту-95МС, які разбіўся ў Расіі, мог мець дачыненне да ўдару па Польшчы

  • 1.10.2026, 8:18

Ідзе пра ракету, якая 30 ліпеня выбухнула ў Люблінскім ваяводстве.

Аператыўны камандуючы родамі войскаў Узброеных сіл Польшчы генерал Ірэнеуш Новак паведаміў, што стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95МС, які нядаўна разбіўся ў Расіі, раней мог мець дачыненне да ўдару паблізу Тарнавы.

Самалёт разбіўся 29 верасня на Далёкім Усходзе РФ, пры гэтым загінуў экіпаж з шасці чалавек. Ірэнеуш Новак адрэагаваў на гэтую навіну, заявіўшы, што менавіта гэты Ту-95МС мог быць носьбітам крылатай ракеты Х-101, якая раней атаквала Польшчу. Сваю рэакцыю польскі генерал апублікаваў на старонцы ў сетцы X.

«Магчыма, менавіта гэты самалёт нёс ракету Х-101, якая завяршыла палёт паблізу Тарнавы», — каротка адзначыў Новак.

Паводле звестак выдання «Wiadomosci», ідзе пра ракету, якая 30 ліпеня, перасякаючы польскую мяжу, выбухнула паблізу вёскі Тарнавы-Калонія ў Люблінскім ваяводстве.

«Акт адплаты» ці выпадковасць?

Пасля гэтага паведамлення польскага генерала, які рэдка робіць публічныя заявы наконт падобных інцыдэнтаў, з’явіліся версіі пра тое, што крушэнне расійскага бамбардзіроўшчыка магло адбыцца «не проста так». Сам Новак у каментары выданню адмовіўся ўдавацца ў падрабязнасці і патлумачыць свае словы больш канкрэтна.

«Я гэта не каментую. Гэта быў асабісты допіс, без якога-небудзь больш глыбокага кантэксту. Нам і так хапае сенсацый», — падкрэсліў ён.

Іншы высокапастаўлены польскі вайсковец, былы кіраўнік Ваеннай разведкі, брыгадны генерал Марэк Лапінскі адзначыў, што «калі б нашы службы мелі такія магчымасці і скарысталіся імі, мы былі б сапраўднымі ідыётамі, калі б нейкім чынам гэта пацвердзілі».

Былы камандзір Цэнтра паветраных аперацый, генерал-палкоўнік авіяцыі Славамір Дыгнатоўскі, са свайго боку, заявіў, што Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл магло проста мець дакладныя даныя пра тое, што менавіта гэты самалёт узняўся ў паветра ў ліпені для абстрэлу Украіны. Ён дадаў, што за гэтым неабавязкова павінны стаяць нейкія тэорыі ці сакрэтныя аперацыі.

«Няма нічога сэнсацыйнага ў тым, што гэты самалёт, так бы мовіць, нарэшце назаўсёды «прыпаркаваўся» на зямлі. Але мы ўспрынялі гэтую інфармацыю з вялікай прыемнасцю і чакаем працягу», — заявіў Дыгнатоўскі.

Ён таксама растлумачыў, што падчас кожнага вылету такога самалёта вывучаецца яго маршрут, каб вызначыць, што можа стаць патэнцыйнай мэтай абстрэлу. У такіх выпадках Польшча абапіраецца на даныя саюзнікаў, каб даволі дакладна вызначыць участкі, якія могуць падвергнуцца атацы, а таксама накірункі атакі.

Апошнія навіны