У віцебскай школе расследуюць «справу аб тынку»
- 1.10.2026, 10:12
Школьнікаў дапытваюць.
Два дні запар дырэктар і настаўнікі віцебскай школы №18 апытвалі вучняў, спрабуючы высветліць, хто расказаў пра абвал тынку ў будынку, паведамляе Telegram-канал vitebsk_info.
Пра інцыдэнт стала вядома 28 верасня. У двух кабінетах на трэцім паверсе абваліўся тынк са столі, у перакрыцці ўтварыліся адтуліны. На думку відавочцаў, прычынай магло быць працяканне даху.
Інфармацыя трапіла ў мясцовыя паблікі. Пасля гэтага педагогі на чале з дырэктарам пачалі апытваць школьнікаў, якія займаліся ў гэтых кабінетах, у пошуках крыніцы «уцечкі».
Будынак школы пабудаваны ў 1937 годзе. Той жа год пабудовы мае школа №10, якую тэрмінова закрылі пасля абвалу бэлькі на верхнім паверсе.