Зорка зборнай Фінляндыі падзякаваў фанатам, якія прынізілі Лукашэнку
- 1.10.2026, 10:20
Балельшчыкі яскрава падтрымалі Украіну.
У Лізе нацый 2026/2027 завяршыліся матчы другога тура ў групах. Сярод удзельнікаў турніру — зборная Беларусі, якая не трапіла пад санкцыі УЕФА.
Нягледзячы на дапамогу Расіі ў вайне супраць Украіны, беларусы працягваюць выступаць на міжнароднай арэне. Многія балельшчыкі гэтай камандзе не рады, паведамляе yle.fi.
У аўторак, 29 верасня, Беларусь згуляла ў гасцях супраць Фінляндыі. Фанаты гаспадароў правялі яскравую акцыю ў падтрымку Украіны і супраць Аляксандра Лукашэнкі. Яны вывесілі банер з выявай дыктатара ў выглядзе таракана, які ўцякае ад савы, нацыянальнага сімвала Фінляндыі. Акцыю высока ацаніў капітан фінскай зборнай Лукаш Градэцкі.
«На стадыёне панавала ажыўленая і класная атмасфера, у адрозненне ад тых часоў, калі матчы праходзілі з абмежаваннямі з-за кавіду. Што да акцыі, у кожнага ёсць права на выказванне грамадзянскай пазіцыі. І гэта супадае з поглядамі многіх гульцоў зборнай Фінляндыі», — заявіў Градэцкі.
Акрамя вялікага банера, балельшчыкі гучна спявалі песню «Пуцін — х**ло». Ля стадыёна яны таксама расклейвалі улёткі супраць Пуціна і Лукашэнкі.
Матч завяршыўся нулявой нічыёй. Пасля двух тураў у Фінляндыі 4 ачкі, і яна займае другое месца ў групе С. Лідзіруе Албанія з шасцю ачкамі, а Беларусь з адным ачком — на трэцяй пазіцыі.