Эстонія забараніла транзіт беларускага збожжа праз сваю тэрыторыю
- 1.10.2026, 13:11
Талін закрывае санкцыйныя лазейкі.
Эстонія забараніла транзіт расійскага і беларускага збожжа праз сваю тэрыторыю. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў краіны Маргус Цахкна, піша Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).
«Расія не можа весці агрэсіўную вайну і разлічваць, што мы будзем дапамагаць падтрымліваць яе гандлёвыя патокі», — заявіў Цахкна.
Рашэнне было прынятае на фоне змяненняў у расійскай экспартнай лагістыцы. Расійскія кампаніі пачалі пераабсталёўваць тэрміналы для ўгнаенняў, вугалю і іншых грузаў у портах на Балтыйскім і Паўночным морах для перавалкі збожжа.
На такі крок бізнес пайшоў пасля перабояў з пастаўкамі праз Чорнае мора, выкліканых украінскімі ўдарамі беспілотнікаў. Расійскія кампаніі шукаюць новыя маршруты для экспарту збожжа, аднак рашэнне Эстоніі скарачае магчымасці для яго транзіту праз тэрыторыю краіны.
Талін у апошнія гады паслядоўна ўзмацняе абмежаванні ў дачыненні да гандлю з Расіяй і Беларуссю на фоне вайны супраць Украіны.