BE RU EN

Валерый Залужны: Здзелка з д'яблам проста немагчыма

  • 1.10.2026, 16:24

Ён разумее толькі сілу.

Мір з Расіяй нельга заключаць, кіруючыся лёгікай бізнесу, бо без міжнароднага права любыя дамоўленасці стануць толькі паўзай перад новай вайной.

Пра гэта напісаў былы галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны, пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны у калонцы для «24 Канала».

Залужны перакананы, што стары сусветны парадак больш не працуе, а разам з ім знікла і міжнароднае права, якое павінна было служыць асновай для перамоваў. У такіх умовах, піша ён, любая дамоўленасць стане прэлюдыяй да наступнай вайны, а яе пачатак — толькі пытаннем часу.

Каб Украіна перамагла, партнёрам трэба не толькі дапамагаць ёй выжываць, але і змагацца. Пачаць, паводле слоў Залужнага, варта з таго, каб не баяцца назваць ворага ворагам. «Здзелка з д'яблам проста немагчыма. Бо ён разумее толькі сілу. І гэтая сіла — мы», — напісаў ён.

На думку аўтара калонкі, сусветныя лідары не хочуць разбірацца ў прычынах і наступствах гэтай вайны. Замест таго, каб ацэньваць сілу і здольнасць здабыць перамогу, яны спрабуюць заключаць пагадненні, якія ўжо страцілі актуальнасць. З-за гэтага лёс вайны, як лічыць Залужны, — ці не ўпершыню ў гісторыі — узяў на сябе салдат на полі бою, а не стратэгі.

Залужны піша, што пасля анексіі Крыму перастала працаваць уся сістэма міжнароднага права, выбудаваная пасля Другой сусветнай вайны. Сярод дакументаў, якія не здолелі прадухіліць вайну, ён назваў Статут ААН, Хельсінскія пагадненні і Будапешцкі мемарандум. Найбольш, на яго думку, была здзіўленая сама ААН, бо аказалася няздольнай абараніць свабоду і незалежнасць.

Вайну ва Украіне ён называе першапрычынай глабальнай нестабільнасці, якая ўжо адкрыла шлях вайне на Блізкім Усходзе. Наступствы, паводле яго слоў, відаць нават на цэнніках на АЗС. А расійскія ракеты і дроны, сабраныя пераважна з замежных камплектуючых, падаюць на тэрыторыі НАТА.

Асобную частку сваёй калонкі Залужны прысвяціў ветэранам. Ён піша, што з цягам часу грамадства забываецца пра іх ахвяры і лічыць, што яны больш не маюць права ўплываць на мірнае жыццё. Менавіта таму, на яго думку, ва Украіне ўжо 12 гадоў няма міру: тыя, хто будуе мір, не пытаюцца парады ў людзей, якія ведаюць яго рэальную цану.

Напрыканцы Залужны папярэдзіў, што прайграць вайну самім сабе — значыць страціць цывілізацыю, абмяняўшы яе, напрыклад, на рэдказямельныя матэрыялы для робатаў-забойцаў.

Апошнія навіны