Крэмль выбірае самазнішчэнне
- Юрый Федарэнка
- 1.10.2026, 17:12
Адказ Украіны адназначны.
Паміж дэскалацыяй і самазнішчэннем Крэмль выбірае самазнішчэнне. План «дальнабойных санкцый» на кастрычнік зацверджаны. Гэта адбылося ўчора на нарадзе прэзідэнта Украіны з Міністэрствам абароны і вайскоўцамі. Нафтавая прамысловасць праціўніка гарэла, гарыць і будзе гарыць. Учорашняе рашэнне паставіла кропку над «і» ў пытанні так званага «энергетычнага перамір’я».
На працягу верасня гучала мноства дыпламатычных ініцыятыў і супярэчлівых заяў палітыкаў пра розныя варыянты сектаральнага перамір’я і «падвойнага мараторыя». З вуснаў некаторых лідараў гучалі асцярогі, што ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па ваенна-эканамічнай машыне агрэсара абваляць сусветны рынак энергарэсурсаў. Магло склацца ўражанне, што Украіну прымушаюць пайсці на ўступкі.
Што ж, адказ Украіны адназначны: ніякіх уступак ворагу не будзе. Калі калі-небудзь і адбудзецца дэскалацыя, то яна будзе справядлівай. А пакуль Сілы абароны Украіны будуць паслядоўна выконваць усе зацверджаныя доўгатэрміновыя задачы. Каб уявіць маштаб планаў, дастаткова згадаць, што цягам 2026 года колькасць украінскіх атак па расійскіх НПЗ перасягнула сімвалічную адзнаку ў 200.
Штомесяца спыняецца з дзясятак буйных расійскіх прадпрыемстваў, задзейнічаных у забеспячэнні акупацыйных войскаў або якія з’яўляюцца часткай расійскага ВПК. Паводле звестак польскай аналітычнай групы Rochan Consulting, сёлета Украіна атакавала расійскія НПЗ у 11 разоў эфектыўней, чым летась. На дасягнутым не спынімся — працягнем «двухсотзіць» паліўна-энергетычную інфраструктуру праціўніка.
Разам з расійскай нафтаперапрацоўкай «гарыць» уся нафтавая гаспадарка — полымя перакідваецца на экспарт, транспартаванне, захоўванне і нават здабычу нафты — «чорнай крыві» расійскай эканомікі. Дэфіцыт паліва адбіваецца на транспарце, сельскай гаспадарцы і, урэшце, на ўсіх галінах эканомікі.
Нядаўна ў сусветных СМІ сплылі падрабязнасці размовы кіраўніка ЦРУ ЗША Джона Рэткліфа з прадстаўнікамі расійскіх спецслужбаў. Паводле звестак аўтарытэтнага нямецкага выдання Frankfurter Allgemeine Zeitung, Джон Рэткліф даступна растлумачыў расіянам: у выніку ўкраінскіх дальнабойных санкцый і гіганцкіх ваенных выдаткаў эканоміцы Крэмля пагражае такі самы калапс, які перажыў Савецкі Саюз у выніку халоднай вайны.
Дзякуючы нашай сістэмнай працы даходы праціўніка скарачаюцца, а выдаткі на вайну — растуць. Па долі ваенных выдаткаў Расія даўно дагнала Савецкі Саюз: сёлета артыкул «нацыянальная абарона» паглынуў 30% усіх выдаткаў. Тут варта дадаць, што ў праект на наступны год Мінфін РФ заклаў рэкордныя 35%. Вось так Крэмль плануе «дэскалацыю».
Мы бачым, што агрэсар рухаецца не ў напрамку дэскалацыі, а ў бок самазнішчэння. Таму дапаможам яму як мага хутчэй дабрацца да пункта прызначэння. Задачы вызначаны, прыярытэты расстаўлены. Працягваем працу. Слава Украіне!
Юрый Федарэнка, «Фэйсбук»