BE RU EN

Хочуць спрасціць уступленне новых краін у ЕС

  • 1.10.2026, 17:29

СМІ даведаліся падрабязнасці.

Еўракамісія рыхтуе новыя правілы пашырэння Еўрапейскага саюза, якія павінны зрабіць працэс уступлення новых дзяржаў больш прадказальным і скараціць магчымасці адвольнага блакавання рашэнняў асобнымі краінамі. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на праект так званай «стратэгіі перад пашырэннем», якую Еўракамісія плануе афіцыйна прадставіць 6 кастрычніка.

Паводле звестак выдання, Еўракамісія не чакае фундаментальнай перабудовы палітык або інстытутаў ЕС. Пры гэтым частку змяненняў можна будзе ўкараніць без перагляду дзейных дагавораў. Сярод ключавых прапаноў — шырэйшае прымяненне галасавання кваліфікаванай большасцю замест прынцыпу аднагалосся. Аўтары дакумента адзначаюць, што з ростам колькасці чальцоў ЕС будзе павялічвацца і рызыка затрымак і блакавання рашэнняў з-за права вэта ў кожнай краіны.

Еўракамісія прапануе распаўсюдзіць прынцып галасавання кваліфікаванай большасцю і на прамежкавыя этапы перамоваў аб уступленні, у прыватнасці на адкрыццё і закрыццё перамоўных кластараў. У дакуменце падкрэсліваецца, што канчатковае рашэнне аб уступленні па-ранейшаму будзе патрабаваць аднагалосся, а прамежкавыя рашэнні могуць прымацца інакш. Паводле задумы Еўракамісіі, гэта зробіць перамоўны працэс больш эфектыўным.

Акрамя таго, для новых чальцоў прапануецца ўвесці часовыя абавязацельствы не блакаваць рашэнні Рады, якія патрабуюць аднагалосся, у прыватнасці па пытаннях далейшага пашырэння ЕС. Еўракамісія таксама мае намер узмацніць меры перасцярогі, каб новыя чальцы не адыходзілі ад абавязацельстваў у сферах вяршэнства права, дэмакратыі і асноўных правоў.

Яшчэ адна прапанова датычыць эканамічных мер перасцярогі, а таксама ўнутранага рынку і юстыцыі: тэрмін іх дзеяння пасля ўступлення прапануецца павялічыць з трох да дзесяці гадоў, хоць канчатковая працягласць пакуль абмяркоўваецца.

Дакумент прадугледжвае і паступовую інтэграцыю краін-кандыдатаў у ЕС, у прыватнасці ў сферах бяспекі, абароны і адзінага рынку. Пры гэтым прагрэс у рэформах павінен адкрываць кандыдатам новыя магчымасці.

Апошнія навіны