МЗС Расіі абвясціла пра высылку венгерскіх дыпламатаў
- 1.10.2026, 17:44
Будапешт адрэагаваў.
Групе супрацоўнікаў пасольства Венгрыі ў Маскве і генеральных консульстваў у Санкт-Пецярбургу і Казані прадпісана цягам двух тыдняў пакінуць Расію. Аб гэтым 1 кастрычніка абвясціла МЗС Расіі.
У ведамстве паведамілі, што ў гэты дзень у міністэрства выклікалі часовага паверанага ў справах Венгрыі ў РФ Габора Гергіча і праінфармавалі аб рашэнні. Яму таксама заявілі «рашучы пратэст» у сувязі з «безасноўным і адкрыта недружалюбным» патрабаваннем венгерскіх уладаў выслаць шэраг расійскіх дыпламатаў. Прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава раней пагражала «жорсткім і балючым» адказам.
У МЗС Венгрыі адрэагавалі на рашэнне Масквы. «Венгрыя бярэ да ведама рэакцыю Расіі на наш папярэдні крок. Мы не зацікаўленыя ў эскалацыі дыпламатычнай напружанасці, але прытрымліваемся свайго рашэння, прынятага з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Расіі працягваюць паўнавартасна функцыянаваць, і Венгрыя захавае сваю дыпламатычную прысутнасць», – падкрэслілі ў венгерскім ведамстве.
8 верасня міністр замежных спраў Венгрыі Аніта Орбан заявіла, што 10 супрацоўнікаў расійскага пасольства ажыццяўлялі у Венгрыі дзейнасць, якая, згодна з Венскай канвенцыяй, «недапушчальная для дыпламатаў». У сувязі з гэтым венгерскі бок заклікаў іх пакінуць краіну.