На прадпрыемстве ў Мінскім раёне адбылася ўцечка хімічнай вадкасці
- 1.10.2026, 21:09
На месца здарэння выязджаў спецыяльны атрад «Зубр».
На тэрыторыі прадпрыемства ў Мінскім раёне адбылася ўцечка хімічнай вадкасці, паведамілі ў прэс-службе МНС.
Каб выправіць сітуацыю, давялося выклікаць выратавальнікаў і нават спецыялістаў спецыяльнага прызначэння.
Паблізу вёскі Воўкавічы з паўпрычэпа грузавіка цякаў мікрабіцыдны ачышчальнік для сістэм цыркуляцыі і вытворчых прадпрыемстваў.
«Вадкасць шырока выкарыстоўваецца ў якасці ачышчальнага сродку для металаапрацоўкі», – удакладнілі ў МНС.
Усяго ў грузавіку было 32 пластыкавыя каністры масай па 25 кг кожная.
«Работнікамі МНС каністры былі выгружаныя на адкрытую пляцоўку для візуальнага агляду на прадмет пашкоджанняў. У выніку агляду ўстаноўлена, што пашкоджаныя 4 каністры, з якіх выцякло каля 10 кг вадкасці», – расказалі ў ведамстве.
У выніку выратавальнікі нейтралізавалі разліў. На шчасце, абышлося без пацярпелых.
На месцы інцыдэнту працавалі дзве адзінкі тэхнікі МНС, у тым ліку спецыялісты Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «Зубр».