BE RU EN

Польшча атрымала ад ЕС амаль 8 млрд еўра

  • 1.10.2026, 22:54

Сродкі пойдуць на аднаўленне эканомікі.

У чацвер, 1 кастрычніка, Польшча атрымала амаль 8 мільярдаў еўра ў межах праграмы рэформаў і інвестыцый, якая фінансуецца за кошт сродкаў ЕС для аднаўлення эканомікі пасля пандэміі COVID-19.

Пра гэта піша Polskie Radio.

Гэта ўжо пяты транш сродкаў у межах праграмы. Еўрапейская камісія змагла пералічыць грошы на польскія рахункі пасля таго, як месяц таму выплату ўхвалілі краіны ЕС.

«У кастрычнік уваходзім з размахам. У Польшчу толькі што паступіла 35 мільярдаў злотых з KPO (Нацыянальнага плана аднаўлення. – Рэд.) — на жыллё, чыгуначныя шляхі, дзіцячыя сады і абсталяванне для анкалогіі», — заявіў намеснік міністра па фондах і рэгіянальнай палітыцы Ян Шышко.

Як паведаміў намеснік міністра, да канца года Польшча павінна атрымаць яшчэ 55 млрд злотых (больш за 12,5 млрд еўра).

У Еўрапейскай камісіі адзначаюць, што сродкі павінны быць накіраваныя, у прыватнасці, на набыццё 88 новых трамваяў для Вроцлава, Познані і Кракава.

Паводле даных Еўрапейскай камісіі, Польшча ўжо атрымала 77% усіх сродкаў, выдзеленых ёй у межах Нацыянальнага плана аднаўлення. Агульны аб’ём фінансавання для Польшчы складае амаль 55 мільярдаў еўра, з якіх 25 мільярдаў — беззваротныя гранты, а астатняе — льготныя крэдыты.

Пасля пандэміі COVID-19 ЕС стварыў Фонд аднаўлення і ўстойлівасці (Recovery and Resilience Facility, RRF), які фінансуе рэформы і інвестыцыі дзяржаў-членаў, накіраваныя на аднаўленне эканомікі і павышэнне яе ўстойлівасці. Сродкі прадастаўляюцца ў выглядзе грантаў і льготных крэдытаў. Польшча стала адным з галоўных бенефіцыяраў гэтай праграмы.

Апошнія навіны