У Швейцарыі стварылі ровар, які едзе сам
- 11.10.2026, 17:05
Ён аб’язджае перашкоды, тармозіць і можа прыехаць да кліента.
Група студэнтаў з Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха распрацавала ровар, якому не патрэбны чалавек за рулём. Ён сам перасоўваецца па вуліцах, аб’яжджае перашкоды і своечасова тармозіць, піша PiataAuto.md.
Здавалася б, навошта такое вынаходніцтва, калі ровар і так ідэальны: карысны для здароўя, не забруджвае паветра і дапамагае разгрузіць гарадскія дарогі. Аднак, як тлумачыцца, студэнты і не збіраліся замяняць веласіпедыста. Сваю тэхналогію яны стваралі найперш для пракатных сэрвісаў, дзе ровары бяруць праз прыкладанне.
Праблема такіх сэрвісаў, як адзначае выданне, простая. Чалавек даязджае туды, куды яму трэба, і пакідае ровар там. Але гэтае месца не заўсёды папулярнае сярод іншых кліентаў, таму транспарт можа доўга прастойваць без справы. Тады кампаніі даводзіцца накіроўваць супрацоўнікаў, каб тыя ўручную пераганялі яго ў люднае месца.
Разумны ровар, паводле задумы распрацоўшчыкаў, вырашае гэта сам: ён вяртаецца туды, дзе на яго попыт вышэйшы. А той, хто знаходзіцца ў аддаленым раёне, зможа выклікаць ровар да сябе, і той прыедзе без суправаджэння.
Паводле слоў студэнтаў, менавіта гэтыя збоі ў лагістыцы больш за ўсё перашкаджаюць пракатным кампаніям працаваць стабільна і прыбыткова. Іх распрацоўка, як сцвярджаюць аўтары, цалкам ліквідавала б гэтую праблему, а заадно пашырыла б зону пакрыцця сэрвісу і дапамагла б прыцягнуць больш кліентаў.
Як бачна на відэа, спераду на ровары ўсталяваныя камеры і датчыкі. Атрыманныя дадзеныя апрацоўвае бартавы камп’ютар – прыкладна так, як гэта робяць сучасныя аўтамабілі з аўтапілотам. Сістэма распазнае прадметы і перашкоды, вызначае, куды рухацца, і пры неабходнасці аб’язджае перашкоды.
Камп’ютар, як удакладняецца, сам паварочвае руль і націскае на тармазы, а рухацца ровару дапамагае электрарухавік, як на звычайных электрароварах. Каб не зваліцца, канструкцыю дапоўнілі двума бакавымі коламі, падобнымі да тых, што ставяць на дзіцячыя ровары для пачаткоўцаў.