Армія Беларусі прыняла на ўзбраенне лазерны комплекс «Шафран»
- 12.10.2026, 18:49
Ён нібыта здольны паражаць дроны на адлегласці сотняў метраў.
Армія Беларусі прыняла на ўзбраенне лазерны комплекс «Шафран», які нібыта здольны паражаць дроны на адлегласці сотняў метраў. Пра гэта заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта рэспублікі Дзмітрый Пантус тэлеканалу «Беларусь-1».
«Мы працягваем працу над яго мадэрнізацыяй з мэтай павелічэння магутнасці, далёкасці і іншых тактыка-тэхнічных характарыстык», — сказаў ён.
Пантус таксама паведаміў, што за апошнія паўгода на ўзбраенне прынялі дзве сучасныя станцыі айчыннай вытворчасці для выяўлення нізкалётных паветраных цэляў. Паводле яго слоў, ведамства пастаянна сочыць за тэндэнцыямі ў развіцці сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
У мінулым годзе баявы лазер «Шафран» прымянілі на расійска-беларускіх вучэннях «Захад-2025». Паводле слоў дыктара, які каментаваў падзеі на палігоне, мабільны комплекс знішчае малогабарытныя беспілотнікі на адлегласці да аднаго кіламетра. Час паражэння складае менш за дзесяць секунд, разлік складаецца з трох чалавек.