Bentley каралевы Лізаветы выставілі на таргі
- 12.10.2026, 19:10
Яна карысталася ім да 2019 года.
Аўкцыённы дом Broad Arrow Auctions прадасць аўтамабіль Bentley Mulsanne EWB. Яго пабудавалі для каралевы Лізаветы II у 2016 годзе. Яна карысталася ім да 2019 года.
Пры зборцы аўтамабіля ўлічваліся ўсе патрабаванні манарха. У прыватнасці, былі прыбраныя пасажырскія падлакотнікі, папяльніцы, электрычныя шторкі на вокнах (каралева лічыла, што падданыя маюць права яе бачыць). У машыне было ўсталявана спецыяльнае аддзяленне для сумачкі Лізаветы II. Колер машыны — цёмна-зялёны Barnato — таксама выбрала каралева. У адрозненне ад афіцыйнага аўтамабіля кіраўніка дзяржавы (таксама Bentley), якім цяпер карыстаецца кароль Чарльз III, Bentley Mulsanne EWB не браняваны.
У 2019 годзе каралева перастала выкарыстоўваць аўтамабіль, і яго вярнулі вытворцу. Некаторыя дэталі (у тым ліку аддзяленне для сумачкі) былі выдалены, у аўтамабіль вярнулі шторкі (але не папяльніцы). Аднак у асноўным інтэр’ер захаваны. Габарыты таксама нязменныя. Як адзначае The Times, задні салон амаль шасціметровага аўтамабіля «хутчэй нагадвае гасціную на колах, чым заднія сядзенні аўтамабіля».
Паводле ацэнак экспертаў, тыповы Bentley Mulsanne такога ўзросту і з аналагічным прабегам (6 тыс. міль, або прыкладна 9,6 тыс. км) каштаваў бы каля £150 тыс. (каля $200 тыс.). Аднак гэты аўтамабіль будзе прададзены значна даражэй. Яго рэзервавая цана ўстаноўлена ў памеры £340 тыс.