Вучоныя стварылі разумнае святло, якое верне пенсіянерам яскравасць фарбаў
- 14.10.2026, 19:01
Тэхналогію рыхтуюцца ўкараніць у масавую вытворчасць.
З узростам крышталік чалавечага вока жаўцее і горш прапускае кароткія хвалі святла, з-за чаго пажылыя людзі губляюць здольнасць адрозніваць падобныя адценні. Спецыялісты з універсітэта Фудань у Кітаі распрацавалі матэматычную мадэль асвятлення, якая кампенсуе гэтыя ўзроставыя змены, і апісалі яе ў часопісе Optics Express.
Вучоныя перабралі больш за 11 тысяч варыянтаў спалучэнняў светлавых хваль, каб святло заставалася звыклым, нейтральна-белым. Камп'ютарнае мадэляванне дапамагло выбраць два найлепшыя варыянты: першы максімальна паляпшае адрозненне колераў, а другі захоўвае іх натуральны выгляд. Тэставанне на 34 добраахвотніках, старэйшых за 70 гадоў, паказала, што новы падыход вяртае вачам амаль палову страчанай з гадамі адчувальнасці да адценняў. Пры гэтым колер прадметаў вакол не скажаўся і выглядаў натуральна.
«Асвятленне, якое ўлічвае ўзроставыя змены зроку, дапаможа пажылым людзям захаваць самастойнасць пры чытанні інструкцый, сартаванні лекаў або выбары адзення», — адзначыў кіраўнік даследавання Цы Дай. Па яго словах, такія лямпы можна бяспечна выкарыстоўваць у агульных пакоях, дзе разам знаходзяцца людзі розных пакаленняў.
Чакаецца, што новы падыход да асвятлення будзе карысны не толькі для жылых памяшканняў, але і для налады экранаў электронных прылад, робячы іх больш камфортнымі для старэючага вока.
Зараз тэхналогію рыхтуюцца ўкараніць у масавую вытворчасць. Кітайская кампанія OPPLE Lighting ужо працуе над выпускам першых камерцыйных свяцільнікаў на базе новай мадэлі. Перад стартам продажу распрацоўшчыкі плануюць правесці дадатковыя выпрабаванні ў рэальных бытавых умовах і праверыць, як новае святло ўспрымаецца больш маладой аўдыторыяй у агульных прасторах.