Лукашэнка выдаў бязглуздую фразу ў Віцебскай вобласці
- 15.10.2026, 12:02
Ці сапраўды беларусам трэба столькі працаваць?
Лукашэнка чарговы раз выдаў заяву, што не паддаецца логіцы. Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці трэба працаваць па 40 гадзін у суткі. Пра гэта паведаміў блізкі да яго прэс-службы тэлеграм-канал.
15 кастрычніка дыктатар прыляцеў на верталёце ў Верхнядзвінскі раён і зладзіў разнос мясцоваму кіраўніцтву. З паветра ён агледзеў палі, застаўся незадаволены ўбачаным і абвінаваціў чыноўнікаў у бяздзейнасці.
«Вы праспалі лета. У Віцебску нельга працаваць, як у Мінску. Тут трэба працаваць 40 гадзін у суткі», — заявіў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што Віцебшчына адносіцца да зоны крытычнага земляробства, і заявіў, што для працы ў рэгіёне патрэбная дакладная стратэгія. Таксама Лукашэнка запатрабаваў «ваеннай найжорсткай дысцыпліны».
Акрамя таго, дыктатар пагразіў, што з 1 студзеня 2027 года ў Віцебскай вобласці спыняцца ўсе размовы пра тактыку і стратэгію.
Звярнём увагу: паводле даных партала Our World in Data (партнёра Оксфардскага ўніверсітэта), краіна, у якой людзі працуюць больш за ўсіх, — гэта Судан. Тут сярэдні заняты працуе 2,7 тыс. гадзін у год. У Беларусі ж — амаль 1,9 тыс. гадзін у год, г. зн., каб дагнаць лідара, нам трэба паднаціснуць амаль у паўтара раза.
У той жа час самая «лёнівая» краіна ў свеце — гэта Нарвегія. Тут сярэдні работнік працуе ўсяго 1,4 тыс. гадзін у год.
Аднак вынік напружанай працы суданскага работніка сціплы — за гадзіну працы ён стварае тавараў або паслуг на 4,7 долара. Яго беларускі калега стварае 35 долараў за гадзіну. А вось у Нарвегіі прадукцыйнасць працы — адна з самых высокіх у свеце: адна гадзіна працы прыбаўляе да ВУП краіны па 130 долараў. Тобок праца тут у чатыры разы больш эфектыўная, чым у Беларусі, і ўдвая пераўзыходзіць многія развітыя краіны свету.