BE RU EN

Сенсацыйны вынік

  • Аббас Галлямаў
  • 15.10.2026, 12:59

Дызельная здзелка Трампа з Пуціным не спадабалася амерыканцам.

Дональд Трамп моцна здзівіў. Чалавек, які ўсю сваю палітычную кар’еру будаваў, абапіраючыся на прынцып America First, і ніколі не саромеўся выступаць з пазіцый амерыканскага нацыянальнага эгаізму, раптам загаварыў як сапраўдны альтруіст.

Адказваючы на пытанне пра дызельную здзелку, амерыканскі лідар заявіў, што яна была рэалізаваная зусім не дзеля амерыканцаў. Яе, аказваецца, заключылі ў інтарэсах усяго свету. Маўляў, сусветны рынак пакутуе ад высокіх коштаў, і ён, Трамп, вырашыў яму дапамагчы.

Што здарылася? Адкуль такі нечаканы клопат пра чалавецтва, калі яшчэ некалькі дзён таму ён прэзентаваў здзелку як выгадную найперш амерыканцам?

Мне здаецца, Трамп зразумеў, што дамоўленасць з Пуціным, якую ён першапачаткова разлічваў занесці сабе ў актыў, прынесла яму больш мінусаў, чым плюсаў. Таму і пачаў мітусіцца, спрабуючы ад яе не тое каб дыстанцыявацца, але неяк яе перапазіцыянаваць.

Падаецца, амерыканцам не спадабалася, як яны выглядаюць у сітуацыі са здзелкай — як нацыя, што ў пагоні за дабрабытам здраджвае сваім ідэалам, як народ, што прадае першародства за пахлёбку.

Амерыканцы не падтрымалі здзелку Трампа з Пуціным

Пакуль няма рэпрэзентатыўнай сацыялогіі адносна стаўлення амерыканцаў да здзелкі. Аднак некаторыя ўскосныя прыкметы дазваляюць меркаваць, што грамадская рэакцыя аказалася зусім не такой, на якую разлічваў Трамп.

У эфіры CNN 10 кастрычніка вядомы вядучы Майкл Смерконіш прапанаваў аўдыторыі адказаць на пытанне: «Ці павінны ЗША купляць расійскае дызельнае паліва, калі гэта прывядзе да зніжэння цэн?»

Звярніце ўвагу на фармулёўку. Яна максімальна спрыяльная для Трампа. Там гаворыцца не проста пра здзелку, там агаворваецца і галоўны плюс, які яна нясе, мінусы ж ніякія не названыя. Здавалася б, адказ відавочны — тым больш што амерыканцы сапраўды незадаволеныя даражнечай паліва.

Вынік аказаўся ледзь не сенсацыйным: 95% з больш як 60 тысяч тых, хто прагаласаваў, сказалі, што яны супраць здзелкі. «За» выказалася менш за 5%.

І тут не варта адмахвацца ад выніку: маўляў, гэта меркаванне элітаў Дэмпартыі, а не сярэдніх выбаршчыкаў.

Па-першае, CNN глядзяць не толькі эліты, але і той самы сярэдні электарат, у тым ліку 20% рэспубліканцаў, а таксама незалежныя выбаршчыкі, схільныя падтрымліваць Рэспубліканскую партыю. А па-другое, аўтар менавіта гэтай перадачы — былы рэспубліканец, ён даволі ўмеркаваны, і ягоная аўдыторыя на дзве траціны складаецца не з дэмакратаў, а з тых самых незалежных выбаршчыкаў, ад якіх залежыць вынік будучых выбараў.

Тое, што адбылося, дазваляе меркаваць, што большасць амерыканцаў не ўхваляе ўчынак Трампа.

Не менш важная рэакцыя рэспубліканскіх кангрэсменаў. Шэсць з іх накіравалі прэзідэнту ліст з патрабаваннем скасаваць здзелку. Яны назвалі дамоўленасць з Расіяй «падарункам нашаму праціўніку і здрадай нашым саюзнікам». Было заяўлена, што здзелка дапамагае фінансаваць расійскую агрэсію супраць Украіны, наносячы шкоду амерыканскім інтарэсам.

Рэйган як зброя супраць Трампа

Яшчэ больш важным сведчаннем таго, наколькі далёка зайшло незадаволенне ўнутры Рэспубліканскай партыі, стала заканадаўчая ініцыятыва кангрэсмена Браяна Фіцпатрыка. Той абвясціў, што ўнясе законапраект, які забараняе амерыканскія закупкі расійскай нафты. Назву для сваёй ініцыятывы ён прыдумаў вельмі сімвалічную: Ronald Reagan Peace Through Strength Act — Закон імя Рональда Рэйгана аб міры праз сілу.

Сам Фіцпатрык — рэспубліканец, сустаршыня групы падтрымкі Украіны ў Палаце прадстаўнікоў. Ягоны аднапартыец Дон Бэкан ужо выказаў гатоўнасць падтрымаць ініцыятыву.

Фіцпатрык мае намер дабівацца галасавання праз спецыяльную парламенцкую працэдуру, якая дазваляе абысці кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, калі ўдасца сабраць 218 подпісаў. Вядома, гэта пакуль толькі заканадаўчая ініцыятыва, а не закон, але палітычны сэнс таго, што адбываецца, ад гэтага не становіцца менш значным.

Тут трэба разумець, што імя Рэйгана для амерыканскіх рэспубліканцаў — не проста гістарычная адсылка.

Гэта адзін з галоўных сімвалаў партыйнай ідэнтычнасці, увасабленне эпохі, калі рэспубліканцы лічылі супрацьстаянне Маскве найважнейшай задачай амерыканскай знешняй палітыкі. Цяпер жа выйшла, што адны рэспубліканцы выкарыстоўваюць імя Рэйгана, каб супрацьдзейнічаць палітыцы іншага рэспубліканца — уласнага прэзідэнта.

Былы віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс таксама выступіў супраць здзелкі, назваўшы яе здрадай палітычнай спадчыны нябожчыка сенатара Ліндсі Грэма, які паслядоўна выступаў за ўзмацненне ціску на Расію.

На тэлеканале Fox News, які традыцыйна падтрымлівае Трампа, адбылася паказальная перапалка паміж вядучымі Браянам Кілмідам і Рэйчэл Кампос-Дафі. Апошняя спрабавала абараняць рашэнне прэзідэнта, а яе калега раптам стаў на бок Украіны. Ён нагадаў, што менавіта Расія пачала вайну, а ўдары ўкраінцаў накіраваныя супраць інфраструктуры, якая забяспечвае працу расійскай ваеннай машыны. Пуціна вядучы назваў «Гітлерам нашага часу», а збліжэнне з ім — патэнцыйна найбольшай памылкай цяперашняй амерыканскай адміністрацыі.

Не менш цікавая рэакцыя вядомай MAGA-актывісткі Лоры Лумер, якую цяжка западазрыць у сімпатыях да дэмакратаў. Яна заявіла, што грошы, атрыманыя Расіяй ад продажу дызеля, будуць выкарыстоўвацца не толькі супраць Украіны, але і для падтрымкі Ірана, які ваюе з амерыканцамі.

Іншымі словамі, супраць здзелкі выступаюць ужо не толькі традыцыйныя праціўнікі Трампа, але і людзі з яго ўласнага палітычнага лагера.

Падаецца, прэзідэнт сутыкнуўся з куды больш сур’ёзным супрацівам, чым разлічваў. Ён хацеў атрымаць дадатковы аргумент для перадвыбарчай кампаніі рэспубліканцаў: глядзіце, я дамовіўся з Пуціным, цяпер паліва патаннее, а нават калі не, дык я, прынамсі, стараюся. Замест гэтага Трампу даводзіцца адказваць на пытанні, чаму амерыканская адміністрацыя дапамагае фінансаваць расійскую ваенную машыну, а таксама слухаць абвінавачанні ў здрадзе.

Як кажуць, не пайшла Фядора за Ягора.

Аббас Галлямаў, «Вот Так»

Апошнія навіны