BE RU EN

Лекар-псіхіятр паставіў пад сумнеў «дасягненне» Лукашэнкі

  • 15.10.2026, 13:04

Усё разам складаецца ў зусім іншую карціну.

У Беларусі за апошнія 10 гадоў палепшылася сітуацыя з алкагольнай залежнасцю. Ва ўсякім выпадку, такія даныя прыводзіць Белстат. Калі ў 2015 годзе ўпершыню ўстаноўленыя дыягназы «алкагалізм» і «алкагольны псіхоз» мелі 19545 беларусаў, то ў 2025 — 12982.

У Мінску сітуацыя змянілася яшчэ больш прыкметна. Дзесяць гадоў таму сталіца лідзіравала ў сумным рэйтынгу алкагольнай залежнасці — звыш 4 тысяч чалавек, а да канца мінулага года было 1593. Аднак ёсць важны нюанс: статыстыка ўлічвае толькі тых, хто звярнуўся па лячэнне.

Ці можна парадавацца за беларусаў, ці не варта спяшацца давяраць афіцыйнай статыстыцы, і чаму важна не толькі колькасць, але і якасць, «Філін» абмеркаваў з псіхіятрам Паўлам Перапёлкіным.

— Трэба зрабіць папраўку, што пяць гадоў я ўжо не ў Беларусі і непасрэднага досведу ўзаемадзеяння з гэтай сістэмай цяпер у мяне няма, — удакладняе лекар. — Але, улічваючы тэндэнцыі, звесткі, якія я магу атрымліваць ад калег і тое, што бачу збоку, — прынцыпова там нічога не змянілася. І асабіста ў мяне даверу да статыстыкі Мінздароўя, як і ў цэлым да афіцыйнай статыстыкі, няма.

Лекар нагадвае, як у часы кавіду ў Мінздароўя «лічба 9 на клавіятуры заліпла», пры тым што ў адной бальніцы ад каранавірусу часам памірала больш людзей, чым чыноўнікі давалі статыстыку па краіне.

Дарэчы, да афіцыйных лічбаў па алкагалізме ёсць і іншыя пытанні. Даныя падаюць у першую чаргу дзяржустановы — а значыць, ёсць адміністрацыйны рэсурс, і лекары лёгка аказваюцца пад ціскам падачы патрэбных даных.

— Гэта не тое каб проста «намалюйце нам лічбы», — удакладняе Павел Перапёлкін. — Але могуць быць зменлівыя крытэрыі: каму ставіць дыягназ «алкагалізм», а каму не, як падаць у справаздачы. І як мы сфармуем першасныя даныя, такія вынікі і атрымаем.

Найбольш зручнае месца для маніпуляцый з данымі — дыспансернае назіранне, так званы «ўлік». Можна памякчыць дыягназ або, што больш верагодна, спрасціць працэс спынення назірання (заплюшчваць вочы на зрывы і пісаць, маўляў, пацыент у рэмісіі), скараціць перыяд назірання.

Гэта будзе не прамая фальсіфікацыя, не адкрытая хлусня, а маніпуляцыі з данымі. Такая статыстыка ўсё больш адрываецца ад рэальнага стану спраў.

— Наколькі можа ўплываць тое, што самі людзі не спяшаюцца станавіцца на ўлік, баючыся, што будзе прымусовае лячэнне або «чорная метка» на ўсё жыццё?

— Калі мы гаворым пра алкагольны псіхоз — тут часцей за ўсё звяртаюцца не самі людзі, а родныя ці суседзі, міліцыя або хуткая дапамога забірае. І тут, хутчэй за ўсё, даныя будуць больш-менш адпавядаць рэчаіснасці, — хіба што не рэгістраваць чалавека з алкагольным дэлірыем або псіхозам, што наўрад ці, бо лекару трэба абгрунтаваць лячэнне і вялікая рызыка сябе падставіць.

А вось зваротнасць саміх людзей з нагоды алкагалізму, сапраўды, можа зніжацца.

У беларускай псіхіятрыі, тым больш у наркалогіі, дагэтуль захоўваецца каральны падыход. Факт звароту па дапамогу часта абарочваецца абмежаваннямі.

Ёсць стэрэатыпныя пагрозы як матывацыя адмовіцца ад ужывання алкаголю. Маўляў, будзеш далей піць, завядзём цябе да нарколага, «паставім на ўлік» – і ў цябе правы забяруць, з працы звольняць і так далей.

Але гэта працуе паводле прынцыпу: лаюць не за тое, што п'еш, а за тое, што трапляешся. І чалавек стараецца менш «свяціцца». У тым ліку не трапляць у поле зроку псіхіятраў, нарколагаў, каб не пазбавіцца тых жа вадзіцельскіх правоў. Хоць п'янымі за руль сядаюць далёка не толькі залежныя людзі.

— Асобная тэма — як з алкагалізмам змагаецца дзяржава. (ЛТП — гэта наогул не пра дапамогу https://charter97.org/ru/news/2023/11/5/570443/), так званае кадзіраванне — сумнеўнае. Наколькі эфектыўная ў Беларусі сістэма дапамогі, і якія ёсць альтэрнатывы, апроч дзяржустаноў?

— Увогуле ў свеце праблема залежнасцяў складаная. Няма, умоўна, такой лекі ад алкагалізму, якая дакладна працуе, на ўзроўні тых жа антыдэпрэсантаў.

Хаця алкагольныя псіхозы ў Беларусі лечацца паспяхова. Але што да тэрапіі самой залежнасці — у нарколага ў дзяржустанове, па сутнасці, нават часу няма, каб нармальна ёй займацца, індывідуальна падбіраць медыкаментознае лячэнне, псіхатэрапію.

Пераважна нарколаг беларускай паліклінікі або дыспансера заняты ўлікова-справаздачнай працай: процьма запытаў, адказаў, перапіскі… Людзі вельмі хутка выгараюць якраз таму, што ў іх няма магчымасці дапамагаць. А яшчэ ж трэба даказаць, што не варта баяцца, што лекар сапраўды можа дапамагчы.

Таму большая частка наркалагічнай дапамогі ў Беларусі зводзіцца да фармалізму. Прыйшоў чалавек на прыём – яму распавялі, што піць шкодна (нібыта ён гэтага не ведаў), напісалі, што гэта была «рацыянальная псіхатэрапія» (насамрэч — не) і паставілі галачку, што лечаць. Па факце, выніку ад гэтага ніякага.

Так званае кадзіраванне, эмацыйна-стрэсная тэрапія, якую Павел Перапёлкін называе «неэфектыўным метадам на мяжы з шарлатанствам», працавала толькі нейкі час, пакуль людзі не зразумелі, што гэта блеф і плацэба.

Цяпер, кажа лекар, гэтыя метады не дзейнічаюць. А сістэмнай тэрапіі алкагольнай залежнасці ў Беларусі няма.

Што да альтэрнатывы, спецыяліст узгадвае прыватны медцэнтр «Парацэльс», які спецыялізуецца менавіта на лячэнні залежнасцяў і чыя ліцэнзія ўсё яшчэ дзейная; акрамя таго, існуюць ананімныя групы ўзаемадапамогі. Але праблема ў тым, што «упэўненасці ў ананімнасці ў сістэме татальнага кантролю быць не можа»:

— Ёсць пастаянны страх таго, што пра чалавека ўсё роўна даведаюцца. Памятаеце, як беларускіх псіхатэрапеўтаў абавязалі распавядаць сілавікам, хто «экстрэмісцкія задумы» выношвае.

Тое самае можа быць з любым спецыялістам, які дапамагае. І калі ў канкрэтным выпадку страх, што доктар камусьці раскажа або напіша, і чалавека звольняць з працы і паставяць на ўлік, неабгрунтаваны — дык у агульнай сітуацыі, на жаль, ён абгрунтаваны татальнасцю кантролю.

— Эксперты часта кажуць: праблема не толькі ў тым, колькі беларусы п’юць, але і ў тым, што менавіта яны п’юць…

— Гэта яшчэ адна змянная ў раўнанні. Якасць алкаголю ў Беларусі вельмі нізкая, дакладней, якасны алкаголь вельмі дарагі, а прамысловасць у асноўным арыентаваная на спажыўца з нізкім даходам.

Усім вядомыя «чарнілы», нібыта мацаванае віно, насамрэч да віна дачынення не маючая субстанцыя — гэта праблема і для псіхічнага, і для саматычнага здароўя.

А з другога боку, мы бачым адсутнасць адэкватных сацыяльных і медыцынскіх мер, стыгматызацыю і каральны характар лячэння залежнасці. Усё разам складаецца ў карцінку, што «хто-та урот» з афіцыйнай статыстыкай.

— Калі паглядзець на перспектыву — кажуць, ва ўсім свеце моладзь менш п’е, ці актуальна гэта і для Беларусі?

— Не магу сказаць з упэўненасцю, у сілу адарванасці ад рэальных людзей у Беларусі. Ва ўсякім разе, няма вартых даверу медыцынскіх і сацыялагічных даследаванняў, якія маглі б гэта абвергнуць або пацвердзіць (той жа Белстат кажа толькі пра меншае спажыванне «пладовых вінаў» — Ф.).

Сістэма вельмі закрытая, таму пра сітуацыю ў Беларусі судзіць складана.

Апошнія навіны