Алігарху Вераб'ю аддадуць землі ў Верхнядзвінскім раёне
- 15.10.2026, 13:12
Лукашэнка паабяцаў свайму «кашальку» і субсідыі.
Лукашэнка 15 кастрычніка прыляцеў у Верхнядзвінскі раён і наведаў жывёлагадоўчае прадпрыемства «Чырвоны Бор Агра». Яго ўладальнік Мікалай Верабей даўно лічыцца бізнесменам, набліжаным да дыктатара. Расследавальнікі лічаць яго «кашальком» кіраўніка.
Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, прыляцеў ён не з пустымі рукамі. Яшчэ да паездкі ён нібыта «ўважліва вывучыў карту раёна» і выбраў землі, якія вырашыў перадаць «эфектыўнаму прыватніку» для развіцця вытворчасці. Паводле слоў дыктатара, такі варыянт крайні, але ў дадзеным выпадку апраўданы.
«Мікалай, калі ты хочаш падтрымкі, я вось дома адзначыў, што ты павінен узяць. Я табе гатовы гэта перадаць. Тут трэба кардынальна нешта зрабіць. Да гэтага комплексу патрэбныя кармы. Гэтыя землі, якія ёсць, павінны забяспечыць цябе кормамі. Прапануй да вясны мне план», — заявіў Лукашэнка Вераб'ю.
Акрамя зямель, дыктатар паабяцаў свайму падапечнаму і субсідыі.
«Вялікіх грошай няма. Будзем субсідаваць вас, як усіх», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама выказаў падтрымку іншым бізнесам Вераб'я ў раёне.
«Лес і зямля — тваё, турыстычны напрамак — тваё. Кармі людзей, якія прыедуць сюды адпачываць, — адсюль вазьмі, накармі людзей. Як ты гэта і робіш», — заявіў ён.