Пашынян паўтарыў, што ніколі не прыедзе ў Беларусь, пакуль пры ўладзе Лукашэнка
- 15.10.2026, 15:24
Прэм’ера Арменіі спыталі пра кіраўніка Беларусі.
Прэм’ер Арменіі Нікол Пашынян адказаў на пытанне пра кантакты з Лукашэнкам на саміце СНД у Туркменістане.
«Хачу зафіксаваць, што мы камунікуем з міжнароднымі партнёрамі ў межах карэктнасці — у адзін дзень больш, у другі менш», — заявіў Пашынян.
Ён таксама ўдакладніў, што не заяўляў пра адмову вітацца з Лукашэнкам ці пра намер мяняць дарогу, каб пазбегнуць сустрэчы з ім.
«Я што, казаў, што не буду вітацца з ім, або што буду мяняць дарогу, абы толькі пазбегнуць сустрэчы з ім?
Я казаў, што мы не паедзем у Беларусь — я і нашы афіцыйныя дэлегацыі. Мы туды не ездзілі», — сказаў Пашынян.
Пашынян пацікавіўся, ці накіроўвалася хоць адна афіцыйная дэлегацыя з Арменіі ў Беларусь пасля ягонай заявы пра адмову ад такіх візітаў.
Нікол Пашынян у 2024 годзе заявіў, што ні ён, ні іншыя афіцыйныя асобы Арменіі не наведаюць Беларусь, пакуль там прэзідэнтам з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка.
«Адзін з лідараў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны, заахвочваў, верыў, жадаў перамогі Азербайджану. А пасля гэтага я паеду абмяркоўваць пытанне з Лукашэнкам у фармаце АДКБ? Хіба вы не кажаце пра годнасць, прынцыповасць? Хачу заявіць, што больш ніколі не буду наведваць Беларусь, пакуль пры ўладзе знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. І ўвогуле ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не наведае Беларусь», — адзначыў ён.