У Беларусі вырашылі вырабляць вітаміны з нафты
- 15.10.2026, 17:48
«Інавацыйную тэхналогію» прапанавалі студэнты.
БелТА з энтузіязмам паведамляе аб «інавацыйнай тэхналогіі» ад студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нібыта будучыя хімікі сінтэзавалі з пабочнага прадукту нафтаперапрацоўкі рэчыва, якое, як сцвярджаецца, можна выкарыстоўваць для вытворчасці вітамінаў К1 і К3.
Сыравінай паслужылі адходы, што застаюцца на полацкім «Нафтане» або Мазырскім НПЗ. Студэнты выдзелілі з іх нафталін, прапусцілі яго праз шэраг рэактараў і атрымалі аснову для вітаміну К3. Праўда, з вынікам не ўсё так гладка. Як прызнаўся адзін з удзельнікаў даследавання Цімафей Зайцаў, ІЧ-спектральны аналіз паказаў, што асноўны пік адпавядае патрэбнаму рэчыву, але «поўнасцю ачысціць прадукт не ўдалося»: у ім засталіся прымесі іншых злучэнняў.
«Тэхпрацэс у нас разлічаны і на атрыманне вітаміну К1», — заявіў ён. То бок пакуль толькі разлічаны.
Зайцаў таксама адзначыў, што атрымліваць рэчыва-аснову з раслін умеюць у многіх краінах, а беларускія студэнты прапанавалі «прынцыпова новы падыход»: браць яго з нафтахімічных адходаў.
У матэрыяле падкрэсліваецца, што дзеючае рэчыва ў Беларусі не вырабляюць, таму распрацоўка нібыта дапаможа адмовіцца ад імпартных аналагаў. Патрэба ў сінтэтычным вітаміне К высокая: К3 дадаюць у кармы для буйной рагатай жывёлы, а К1 выкарыстоўваюць у вытворчасці лекаў і БАДаў.