Расійскія дроны зноў заляталі ў Беларусь
- 15.10.2026, 18:15
На Гомельшчыне пастаянна чутныя выбухі.
Новыя выпадкі парушэння паветранай прасторы Беларусі расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі зафіксаваў «Флагшток». Пасля залётаў, што адбыліся 9–12 кастрычніка, увечары 13 кастрычніка адзін рэактыўны дрон прайшоў па тыповым маршруце праз выступ Брагінскага раёна. Затым яшчэ адзін па аналагічнай траекторыі — уначы 15 кастрычніка, перадае «Флагшток».
Чарговы выпадак быў нетыповым. А 04:07 украінскі ТГ-канал «Рында маніторыць» паведаміў, што рэактыўны БПЛА наўпрост з Бранскай вобласці заляцеў на тэрыторыю Беларусі і прайшоў міма паўднёвых ускраін Гомеля, працягнуўшы рух у бок вёскі Рудня Марымонава. Што адбылося з дронам далей, не ўдакладняецца.
Прыблізна праз паўгадзіны новы рэактыўны БПЛА прайшоў класічным маршрутам: праз Любеч выляцеў на тэрыторыю Гомельшчыны і неўзабаве вярнуўся ва Украіну, рухаючыся курсам на Прыпяць.
Днём 15 кастрычніка а 16:09 адзін ударны дрон з Беларусі рухаўся на мяжы Жытомірскай вобласці.
Усяго мінімум 5 дронаў заляталі ў Гомельскую вобласць з 13 па 15 кастрычніка.
Тым часам штодня расійскія беспілотнікі працягваюць пастаянна рухацца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, выкарыстоўваючы яе як прыкрыццё і, верагодна, «чапляючыся» за сігналы станцый беларускага сотавага аператара.
Напрыклад, за суткі 14 кастрычніка Паветраныя сілы ЗС Украіны чатыры разы паведамлялі пра пралёт груп рэактыўных БПЛА і адзінкавых дронаў на поўначы Чарнігаўшчыны ўздоўж мяжы з Беларуссю. Мінаючы Добрушскі, Гомельскі, Лоеўскі і Брагінскі раёны, беспілотнікі затым накіроўваюцца або на Кіеўскую, або на Жытомірскую вобласць.
Днём 15 кастрычніка група рэактыўных БПЛА зноў чатыры разы прайшла па такім маршруце. Апошні раз — каля 15:47 у напрамку Кіеўшчыны.
Жыхары гомельскага памежжа рэгулярна чуюць гукі выбухаў. Верагодна, частку дронаў на гэтым участку ўкраінскім вайскоўцам удаецца збіваць, і гукі выбухаў даносяцца з суседняй тэрыторыі. Часам гэтыя гукі вельмі моцныя.
«На працягу дня ў нас пастаянна нешта “гукае”, а некалькі разоў за апошнія дні выбухі былі такімі моцнымі, што страшна затрасліся не толькі вокны, але і сцены», — кажа жыхар аднаго з населеных пунктаў у памежжы.
Магчыма, збіцці дронаў адбываюцца вельмі блізка, альбо яны пікіруюць на беларускую тэрыторыю.