Аскараносны рэжысёр растлумачыў, як мастацтва дапамагае Украіне
- 15.10.2026, 18:31
Барацьба за праўду працягнецца і пасля вайны.
Украінскім мастакам, рэжысёрам і журналістам давядзецца змагацца за праўду пра расійскую вайну нават пасля спынення баявых дзеянняў. Пра гэта заявіў лаўрэат прэміі «Оскар», рэжысёр фільма «20 дзён у Марыупалі» Мсціслаў Чарноў, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).
У сваім звароце, запісаным на перадавой ва Украіне, Чарноў падкрэсліў, што мастацтва не можа спыніць ракеты і кулі, але здольнае захаваць сведчанні таго, што адбываецца, і супрацьстаяць спробам перапісаць гісторыю.
«Калі вайна скончыцца, а рана ці позна заканчваецца кожная вайна, пачнецца іншая бітва — за праўду, за справядлівасць», — заявіў рэжысёр.
Расія вядзе маштабную прапагандысцкую кампанію, імкнучыся перакласці адказнасць за ўварванне на Украіну і Захад. Чарноў папярэдзіў, што барацьба за інтэрпрэтацыю падзей будзе толькі ўзмацняцца.
«Усе будуць спрабаваць перапісаць гісторыю ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі і інтарэсамі», — адзначыў ён, заклікаўшы дзеячаў культуры захоўваць сапраўдныя сведчанні вайны.
Украінская мастачка Оля Рондяк, якая працуе ў сваёй студыі ў Кіеве з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, расказала пра сваю бабулю. Яна таемна вышывала рэлігійныя іконы ў савецкім лагеры, выкарыстоўваючы падручныя матэрыялы, каб захаваць украінскую ідэнтычнасць.
«Мастацтва абараняе тое, што вайна спрабуе знішчыць, дакументуе тое, што іншыя хочуць аддаць забыццю», — сказала Рондяк.
Паводле яе слоў, украінскія мастакі працягваюць распавядаць свету пра перажытае, даказваючы, што творчасць можа быць формай супраціву і спосабам захаваць памяць для будучых пакаленняў.