Саладуха расказаў, як «круціў гусака» ў рэкламе, якая раззлавала Лукашэнку
- 16.10.2026, 8:32
Спявак назваў гэта «трыумфам».
Спявак, які выканаў песню «Круці гусака» ў рэкламе букмекерскай канторы Maxline, кажа, што не ведаў, што ролік будзе прасоўваць бэтынгавую кампанію. Пра гэта Аляксандр Саладуха распавёў вядучым падкаста «ХАТА ХаУС».
Паводле слоў артыста, ён лічыў Maxline звычайнай кампаніяй і не падазраваў, што яна працуе ў сферы азартных гульняў. Ён ведаў толькі аднайменны футбольны клуб, які падняўся з першай лігі ў вышэйшую і адразу заняў першае месца, і вырашыў, што рэкламаваць будуць менавіта яго.
«Я думаў, гэта звычайная якаясьці кампанія. Ведаў, што ёсць [аднайменны] футбольны клуб, які выйшаў з першай лігі ў вышэйшую — і адразу ж заняў першае месца. Я і думаў, што мы будзем іх рэкламаваць», — сказаў Саладуха.
Мантаж роліка, паводле слоў выканаўцы, заняў шмат часу. Калі яму паказалі гатовую версію, ён быў здзіўлены: не чакаў, што ў відэа з яго ўдзелам задзейнічаюць штучны інтэлект.
«І калі яны даслалі [канчатковае відэа], канечне, я таксама за галаву схапіўся. Гэты гусак — і я там кудысьці вылятаю, у сцяну, б'юся, падаю, зуб вылятае — за гэтым зубам я кудысьці лячу», — зблытана пераказаў сюжэт роліка спявак.
Саладуха назваў ролік з прыпевам «Ты круці-круці гусака» трыумфам рэкламы: на яго звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе ў Мінску 10 верасня дыктатар раскрытыкаваў празмернасць рэкламы бэтынгавых кампаній у Беларусі.
«Як яны ў вас называюцца: «круці гусака» — паўсюль паразвешвалі гэтыя рэкламы. Ужо дайшло да таго, аказваецца, [нібыта] гэтым займаецца мая сям'я. Мая сям'я… Якраз мяне штодня трэтуюць. Яны мяне душаць, каб я на гэта ўвагу звярнуў, — заявіў Лукашэнка. — Што робіцца ў краіне: у нас усе гэтага гусака круцяць. Звярніце ўвагу, Дзмітрый Мікалаевіч (кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты. — Заўв. рэд.), сур'ёзна гэтым займіцеся».
Ганарар за здымкі Саладуху пералічылі безнаяўным разлікам. Нічога заганнага ў такой рэкламе ён не бачыць.
«Хаця мне ўжо казалі і сыны, і блізкае асяроддзе, і мае вадзіцелі: «Ох, будзе горача». Аказваецца, гэта рэклама казіно, і многія людзі там нібыта гуляюць і прайграюць вялікія грошы, і цэлыя маёмасці, і кватэры. Права кожнага чалавека — гуляць ці не гуляць, лагічна, так? Я не гуляю, мае сыны не гуляюць», — дадаў Саладуха.