BE RU EN

Расійскія банкі адмаўляюцца выдаваць іпатэку

  • 16.10.2026, 11:54

Гэта трывожны сігнал для ўсёй фінансавай сістэмы РФ.

Расійскія банкі пачалі адмаўляцца ад выдачы іпатэкі расіянам з-за высокіх выдаткаў на праграмы і звязаных з імі рызыкаў. За апошнія тры гады колькасць крэдытных арганізацый, што выдаюць іпатэку, скарацілася больш як на 13% — з 249 да 216. Пра гэта сведчаць даныя Цэнтрабанка, якія вывучылі «Известия». 33 банкі, што пакінулі іпатэчны рынак, адносяцца да малых і сярэдніх. Пры гэтым яны не закрыліся і працягваюць працаваць па іншых напрамках.

Невялікім крэдытным арганізацыям усё цяжэй канкурыраваць з буйнымі гульцамі на рынку іпатэкі, кажа аналітык «Фінам» Ігар Дадонаў. Каб прыцягнуць укладчыкаў, ім часта даводзіцца прапаноўваць больш высокія стаўкі па дэпазітах, якія ўлічваюцца ў кошце выдаваных крэдытаў. Гэта зніжае магчымасць выгадных умоў па рыначнай іпатэцы для пазычальнікаў, а па дзяржпраграмах, на якія прыпадае больш за 50% усіх выдач, банкі атрымліваюць недастаткова прыбытку. У выніку іпатэчны рынак усё мацней канцэнтруецца ў руках найбуйнейшых банкаў. Паводле ацэнкі Дадонава, на 10 вядучых гульцоў прыпадае каля 90–95% новых выдач.

Дадатковая рызыка для банкаў — рост пратэрмінаванай запазычанасці, кажа Яўген Шаўнеў з ГК «Фліп». На 1 верасня 2026-га расіяне затрымалі выплаты па іпатэцы на 267 млрд руб. На выпадак непагашэння праблемных крэдытаў банкі абавязаныя ствараць рэзервы, але невялікім арганізацыям складана выдзяляць на гэта дадатковыя сродкі, патлумачыў Шаўнеў.

Галоўнае наступства сыходу банкаў з іпатэчнага рынку — скарачэнне выбару для пазычальнікаў. Так, крэдыторы, што засталіся на рынку, могуць узмацніць патрабаванні да першапачатковага ўзносу, пацвярджэння даходаў і пакета дакументаў, кажа дырэктар па аналітыцы Інго Банка Васіль Куцін. Наймацней сыход банкаў можа адчувацца ў невялікіх гарадах і аддаленых тэрыторыях, дзе першапачаткова менш прапаноў, дадала дацэнт кафедры фінансаў устойлівага развіцця РЭУ імя Г. В. Пляханава Марыя Ермілава.

Пры гэтым скарачэнне колькасці крэдытораў не азначае аўтаматычнага росту ставак па іпатэцы: іх узровень залежыць ад ключавой стаўкі, кошту ўкладаў і ўмоваў льготных праграм, адзначае вядучы аналітык Freedom Global Наталля Мільчакова. Аднак, паводле яе слоў, у асобных выпадках дадатковыя выдаткі кліентаў могуць вырасці — напрыклад, калі выгадная стаўка прадугледжвае набыццё дадатковых банкаўскіх прадуктаў.

У бліжэйшы час банкі працягнуць сыходзіць з рынку іпатэкі, лічыць незалежны эканаміст Віктар Мангазееў. Паводле яго прагнозу, да канца 2027 года колькасць арганізацый, што выдаюць жыллёвыя крэдыты, скараціцца да 200. Запаволіць гэты працэс можа зніжэнне ключавой стаўкі, якое зробіць крэдыты больш даступнымі для пазычальнікаў, дапусціла старшы аналітык «Рыком-Траст» Валерыя Папова.

Апошнія навіны