Беларуска знайшла «сюрпрыз» у цукерках «Камунаркі»
- 16.10.2026, 16:44
Адказ фабрыкі выклікаў новую хвалю абурэння.
Беларуская кандытарская фабрыка зноў апынулася ў цэнтры скандалу. Прычынай стала чарговая скарга пакупніцы, якая выявіла ў шакаладзе непрыемны сюрпрыз.
Сваёй гісторыяй дзяўчына падзялілася ў Threads.
Да публікацыі аўтарка прыклала фатаграфіі. На шакаладзе бачныя баразёнкі з дробнымі крошкамі, а таксама вінаватыя ў пашкоджаннях — жывыя чарвякі.
У каментарыях да поста знайшлося нямала людзей, якія таксама сутыкаліся з падобнымі непрыемнымі сюрпрызамі ў салодкасцях.
«Ужо тройчы трапляла ў тую ж сітуацыю з рознымі цукеркамі ад «Камунаркі»! А «Труфелі» і «Чырвоная шапачка» былі маімі любімымі», — паскардзілася адна з удзельніц абмеркавання.
Іншая згадала падобную гісторыю з цукеркамі «Снегири». Паводле яе слоў, чарвякі трапляліся ёй двойчы, прычым салодкасці былі набытыя ў розных крамах.
Што адказала «Камунарка»
На скаргу даволі аператыўна адрэагаваў афіцыйны акаўнт фабрыкі. Аднак прадстаўнікі прадпрыемства абмежаваліся толькі адным пытаннем — дзе быў набыты шакалад. Такі адказ задаволіў далёка не ўсіх. Многія карыстальнікі абурыліся тым, што ў падобных сітуацыях абмеркаванне зноў зводзіцца да месца продажу і магчымых парушэнняў умоў захоўвання.
«Якая розніца, дзе ён быў набыты? Відаць жа, што чарвяк вылез са шакаладкі, а не залез туды. Гэта вам крамы яшчэ могуць прад'явіць, што ваш шакалад чарвякоў да іх завозіць», — напісалі ў каментарыях.
Таксама карыстальнікі звярнулі ўвагу, што ў такіх гісторыях найчасцей фігуруе менавіта «Камунарка», а не іншыя брэнды.
Праўда, далёка не ўсе паспяшаліся вінаваціць фабрыку. Некаторыя, наадварот, сталі на яе бок. Адна з карыстальніц распавяла, што амаль штотыдзень набывае салодкасці ў фірмовай краме фабрыкі і ні разу не сутыкалася з падобным.
«Відаць, справа ўсё ж у захоўванні», — падсумавала яна.