BE RU EN

Anthropic вырашыла навучыць нейрасетку заключаць здзелкі, як юрысты

  • 18.10.2026, 21:21

Кампанія разглядае некалькі ідэй на гэты конт.

Амерыканская кампанія Anthropic вядзе перамовы з юрыдычнымі фірмамі, каб высветліць, як яе ШІ-агенты Claude могуць весці таргі дзеля дасягнення найлепшых умоў для сваіх карыстальнікаў. Пра гэта паведаміла газета Financial Times.

ШІ-агенты працуюць пад кіраўніцтвам карыстальніка, але здольныя самастойна прымаць рашэнні. Яны могуць удзельнічаць у куплі-продажы, спрачацца з кліенцкімі службамі і нават дамагацца лепшых умоў працы для сваіх уладальнікаў. Крыніцы Financial Times паведамілі, што Anthropic імкнецца зразумець, якім чынам сапраўдныя юрысты абараняюць інтарэсы сваіх кліентаў, каб выкарыстаць гэтыя веды пры наладжванні ШІ.

Іншая ідэя, якую разглядала Anthropic, палягала ў прадастаўленні сваім ШІ-агентам дакументаў, падпісаных карыстальнікам; у іх замацоўваліся пастаўленыя задачы і правілы, якімі агент павінен кіравацца, паведаміла крыніца, блізкая да кампаніі.

«Нарматыўна-прававая база для мадэляў ШІ, што здзяйсняюць здзелкі ад нашага імя, пакуль проста адсутнічае. Але такая будучыня ўжо не за гарамі», — гаворыцца ў даследаванні кампаніі, на якое спасылаецца Financial Times.

У верасні супрацоўнікі Anthropic правялі эксперымент па куплі-продажы кніг: выкарыстоўваючы ШІ-агентаў на віртуальнай гандлёвай пляцоўцы, яны «рабілі прапановы, таргаваліся і заключалі здзелкі з агентамі іншых удзельнікаў». Супрацоўнікі прадставілі сваім агентам спіс кніг, ранжыраваны паводле ступені пажаданасці.

Даследаванне паказала, што агенты, якія атрымалі ўстаноўку дзейнічаць «бязлітасна», дасягнулі «невялікай перавагі» і больш выгадных вынікаў. Іншыя агенты, наладжаныя на супрацоўніцтва, «ішлі на свядомыя саступкі» — напрыклад, пагаджаліся на атрыманне менш жаданых кніг для заказчыка, каб у выніку кожны ўдзельнік эксперыменту змог дастаць для свайго карыстальніка хоць якую кнігу.

«Калі наймагутнейшыя сістэмы будуць даступныя найперш тым, у каго найбольш рэсурсаў, гэта можа замацаваць ужо існыя перавагі і ўзмацніць няроўнасць у перамоўных магчымасцях», — заявіў суразмоўца выдання.

Апошнія навіны