McLaren прадасць пяць балідаў, якімі кіравалі чэмпіёны F1 і Брэд Піт
- 19.10.2026, 2:58
Галівудскі акцёр разганяў машыну да 317 км/г.
Каманда McLaren прадасць пяць поўнасцю спраўных балідаў «Формулы-1», якімі ў розныя гады кіравалі чэмпіёны, у тым ліку Льюіс Хэмілтан, Джэнсан Баттан, Ланда Норыс і Айртон Сена, які загінуў у 1994-м, а адну з машын тэставаў галівудскі акцёр Брэд Піт. Пра гэта паведамляе Reuters.
Падрыхтоўкай балідаў для новых уладальнікаў зоймуцца спецыялісты McLaren.
Выстаўленыя на продаж баліды выкарыстоўваліся як у гонках, так і на тэстах.
За рулём аднаго з іх, McLaren 2023 года, у чэрвені 2025-га на трасе ў Остыне (штат Тэхас, ЗША) быў Брэд Піт, які перад гэтым зняўся ў галоўнай ролі ў фільме пра «Формулу-1». Піт разагнаў машыну да 317 км/г. Гэта найбольш сучасны балід «Формулы-1», калі-небудзь выстаўлены на продаж прыватнаму ўладальніку.
«Мы вырашылі развітацца з гэтымі легендарнымі балідамі McLaren, бо лічым, што проста трымаць іх на складзе — значыць абясцэньваць тое, што яны сабой уяўляюць», — заявіў гендырэктар McLaren Racing Зак Браўн.
Дакладныя цэны не называюцца, але чакаецца, што іх прададуць за сумы да $13,3 млн.