На Марсе знайшлі лёд, дзе можа хавацца жыццё
- 2.10.2026, 11:14
У ягоных слаях могуць хавацца рэзервуары талай вады і пазаземныя мікраарганізмы.
Вадзяны лёд у паўночным палярным рэгіёне Чырвонай планеты аказаўся значна чысцейшы, чым меркавалі навукоўцы. Там можа хавацца пазаземнае жыццё.
Лёд на Марсе захоўвае каштоўныя сведчанні пра старажытны клімат. Іх вывучэнне можа дапамагчы высветліць, ці існуе на Чырвонай планеце жыццё цяпер або ці існавала яно ў мінулым. Высветлілася, што вадзяны лёд на паўночным полюсе планеты ўтрымлівае значна менш пылу, чым лічылі навукоўцы. Даследаванне апублікавана ў часопісе npj Space Exploration, піша Sci News.
Планетолагі выкарысталі дадзеныя пасадачнага модуля NASA Phoenix, а таксама арбітальных апаратаў Mars Express Еўрапейскага касмічнага агенцтва і Mars Reconnaissance Orbiter (NASA) для ацэнкі чысціні вадзянога лёду ў паўночным палярным рэгіёне Марса.
Навукоўцы выкарысталі фізічную мадэль, першапачаткова распрацаваную для зямнога лёду, і прымянілі яе да дадзеных, атрыманых з розных пунктаў у паўночнай палярнай вобласці Марса.
Высветлілася, што вадзяны лёд значна чысцейшы, чым меркавалася раней. Атрыманыя вынікі паказваюць, што структура вадзянага лёду ў паўночным палярным рэгіёне Марса мае некалькі слаёў: слаі з вялікай колькасцю пылу чаргуюцца са слаямі больш чыстага лёду. Кожную зіму над асноўным лёдам утвараецца напоўнены пылам пласт інею, які летам знікае, агаляючы больш старажытны і чысты лёд. Папярэднія даследаванні паказвалі, што верхні пласт вадзянога лёду ўтрымлівае 25% пылу па масе, але новыя дадзеныя паказалі, што ён утрымлівае ўсяго 3%.
Гэтыя слаі лёду ўтрымліваюць важныя звесткі пра старажытны клімат Марса. Лічыцца, што тысячы гадоў таму лёд фармаваўся ў выніку снегападаў.
Навукоўцы мяркуюць, што слаі пылу і лёду могуць ствараць умовы для існавання жыцця на Марсе. Цёмныя слаі лёду, якія ўтрымліваюць больш пылу, здольныя ўтрымліваць сонечнае святло і спрыяць утварэнню ўнутры лёду рэзервуараў з талай вады.
У такіх рэзервуарах могуць быць умовы для існавання пазаземных мікраарганізмаў. На Зямлі ў такіх рэзервуарах з талай вадой унутры лёду летам можна выявіць актыўнае мікрабнае жыццё. Зімой вадкая вада замярзае, і мікраарганізмы пераходзяць у стан спячкі да наступнага лета. Калі жыццё можа існаваць у падобных умовах на Зямлі, то, магчыма, на Марсе яно таксама ёсць і было ў мінулым. Каб гэта высветліць, неабходныя далейшыя даследаванні вадзянога лёду ў паўночным палярным рэгіёне Чырвонай планеты.