BE RU EN

Іркуцкую вобласць РФ ахапіла паніка

  • 2.10.2026, 19:28

Пра сітуацыю ў вобласці выказаўся губернатар суседняй Бураціі.

Губернатар Бураціі Аляксей Цыдэнаў пацвердзіў звесткі, што з’явіліся раней, пра тое, што жыхарка суседняй Іркуцкай вобласці памерла пасля заражэння чумой, піша The Moscow Times.

«Паводле дадзеных Роспотребнадзора, а таксама паводле дадзеных урада Рэспублікі Бурація, жанчына, што памерла ад чумы ў Іркуцкай вобласці, не прыязджала ў Бурацію», — напісаў ён на сваёй старонцы ў «Укантакце».

Такім чынам, Цыдэнаў абверг інфармацыю пра тое, што ачагі гэтага захворвання з’явіліся на тэрыторыі рэспублікі. Паводле яго слоў, крыніцай заражэння з’яўляюцца «іншыя абставіны», якія не звязаныя з рэгіёнам. Раней Mash паведамляў, што памерла 27‑гадовая супрацоўніца іркуцкага процічумаўнага інстытута, якая заразілася «легеневай чумой».

Паводле адной з версій, якую прыводзіць Mash, вучоная вярнулася з працоўнай паездкі ў Бурацію, дзе фіксаваўся ачаг чумы на мяжы з Манголіяй. Гэта першы выпадак за апошнія дзесяць гадоў, калі захворванне трапіла ў рэгіён, пісаў Mash.

Са свайго боку Цыдэнаў адмаўляе, што ў Бураціі, у тым ліку на мяжы, ёсць ачагі чумы. Паводле іншай версіі — дзяўчына выпадкова разбіла прабірку з небяспечнай бактэрыяй у лабараторыі, калі збірала біяматэрыял для дыягностыкі. Мінулым аўторкам яе шпіталізавалі ў Шэлехаўскую бальніцу з сімптомамі пнеўманіі і падключылі да ШВЛ, але праз два дні вучоная памерла. Супрацоўнікі клінікі былі ізаляваныя, а саму ўстанову закрылі на каранцін. Па словах калег, дзяўчына працавала ў Забайкаллі з жывёламі, заражанымі чумой.

Паводле РЕН ТВ, памерлая — 27‑гадовая лабарантка Дар’я Шыпілава. Яна даследавала чумную палачку з прыродных ачагоў Сібіры, Манголіі і Алтая і вывучала імунную рэакцыю арганізма на інфекцыю. У адной з навуковых прац з удзелам даследчыцы апісваліся эксперыменты на сотнях белых мышэй. У тым ліку вывучалася абарона пры заражэнні самым патагенным штамам чумы, удакладніў тэлеканал. Навукоўцы спрабавалі вызначыць, якая колькасць паддоследных перажыве інфекцыю, а таксама фіксавалі змены ў вілачкавай залозе, селязёнцы і імуннай сістэме.

Напрыканцы сакавіка Шыпілава ўдзельнічала ва Усерасійскім кангрэсе па інфекцыйных хваробах у Маскве, дзе разам з калегамі прадставіла даклад «Вывучэнне адчувальнасці да антыбактэрыяльных прэпаратаў Yersinia pestis з прыродных ачагоў Сібіры», піша «Асцярожна, навіны». Паводле дадзеных канала, напрыканцы жніўня дзяўчына брала ўдзел у Міжнародных вучэннях каманд хуткага рэагавання на НС санітарна-эпідэміялагічнага характару ў Саратаве.

Тым часам у Іркуцкай вобласці з падазрэннем на заражэнне чумой шпіталізавалі 189 чалавек, усе яны кантактавалі з Шыпілавай, паведамляў крыніца РЕН ТВ. Пацыентаў размясцілі ў двух бальніцах, а 12 чалавек накіравалі для назірання ў процічумаўны інстытут. Губернатар Ігар Кобзеў правёў тэрміновае пасяджэнне санітарна-супрацьэпідэмічнай камісіі з удзелам кіраўніцы Роспотребнадзора Ганны Паповай, дзе абмяркоўвалася інфармацыя аб заражэнні жыхара рэгіёна «асабліва небяспечнай інфекцыяй».

Апошнія навіны