BE RU EN

ВНЖ у Польшчы для беларусаў: якія шанцы на атрыманне?

  • 2.10.2026, 19:34

Статыстыка Упраўлення ў справах замежнікаў.

У студзені–жніўні 2026 года Польшча надала беларусам 18,8 тыс. відаў на жыхарства, а па 2,2 тыс. заяў былі вынесеныя адмовы. Пра гэта сведчыць статыстыка Упраўлення ў справах замежнікаў, піша Most.

Найчасцей беларусы атрымліваюць часовыя віды на жыхарства (побыт часовы) — за 8 месяцаў вынесена 15,6 тыс. такіх рашэнняў. Сталы від на жыхарства (сталы побыт) атрымалі 2,5 тыс. чалавек, і яшчэ 702 атрымалі карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. Прыведзеная статыстыка не ўлічвае відаў на жыхарства, што выдаюцца на падставе міжнароднай абароны.

У агульным аб’ёме вынесеных рашэнняў (з улікам прыпыненых спраў і спраў, пакінутых без разгляду) частка адмоваў невялікая. У студзені–жніўні яна склала толькі 9,3% (а станоўчых рашэнняў — 79,2%). Яна ніжэйшая па часовым побыце (7,7%) і вышэйшая па сталым (18,1%).

У Упраўленні ў справах замежнікаў адзначылі павелічэнне колькасці адмоваў пасля 2022 года. Калі тады было вынесена 3,3 тыс. адмоваў (ці 8,3%), то ў 2024 годзе — ужо 5,9 тыс. (11,2%). У 2025–2026 гадах гэтая частка нават крыху скарацілася, але частка станоўчых рашэнняў адносна стабільная.

Рост адмоваў пасля 2022 года ведамства звязала з узмацненнем патрабаванняў да праверак. Палітыка ваяводскіх ужондаў сканцэнтравалася на ліквідацыі так званага «фіктыўнага працаўладкавання». Правяраецца рэгістрацыя прадпрымальнікаў і работнікаў у сістэме сацстраху (ZUS), а калі гаворка ідзе пра легалізацыю па каранях — дэталёва аналізуецца сапраўднасць архіўных дакументаў, што пацвярджаюць польскае паходжанне.

Ведамства адзначыла, што змяншаецца колькасць заяў беларусаў, пакінутых без разгляду (хоць іх частка ў агульнай колькасці спраў нават вырасла). Справу могуць не разглядаць у выніку неўстаранення фармальных недахопаў, напрыклад неаплаты гербавага збору, непрадстаўлення пашпарта або няздачы адбіткаў пальцаў у вызначаны тэрмін. Тое, што ў 2025–2026 гадах такіх выпадкаў стала менш, на думку Упраўлення ў справах замежнікаў, «сведчыць пра рост інстытуцыйнай сталасці мігрантаў, лепшую падрыхтоўку заяў, а таксама больш эфектыўнае выкарыстанне прафесійнай юрыдычнай дапамогі».

Апошнія навіны