BE RU EN

Мерц раскрыў планы Пуціна наконт Украіны і Еўропы

  • 20.10.2026, 9:45

Канцлер Германіі заклікаў еўрапейцаў да пільнасці.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц папярэдзіў еўрапейцаў ад самазаспакоенасці. Па яго словах, дыктатар РФ Уладзімір Пуцін імкнецца не толькі да паразы Украіны, але і да падрыву дэмакратыі ў Еўропе. Аб гэтым паведамляе Bloomberg.

«Больш за ўсё мяне непакоіць недаацэнены ўплыў Расіі на нашы грамадствы. Расія знаходзіцца на шляху да дэстабілізацыі ўсяго палітычнага парадку на нашым еўрапейскім кантыненце», — заявіў Мерц.

Ён дадаў, што многія людзі, у тым ліку ў Германіі, не ўспрымаюць пагрозу дастаткова сур'ёзна.

«Яны не разумеюць, якая насамрэч мэта Расіі. І гаворка не толькі пра тэрытарыяльныя здабыткі ва Украіне. Яны баяцца дэмакратыі. Яны баяцца адкрытых грамадстваў. Яны баяцца поспеху еўрапейскай інтэграцыі», — патлумачыў канцлер.

Таксама Мерц адзначыў, што Германія разам з іншымі еўрапейскімі і неамерыканскімі саюзнікамі фінансавала Украіну, не атрымліваючы дапамогі ад ЗША ў аплаце абароны і ўвядзенні тэхнікі ў строй.

«Гэта сапраўды вялізарная нагрузка на нашы бюджэты, гэта сапраўды важная справа для Еўрапейскага саюза. Але мы гэта робім і стараемся працягваць да таго часу, пакуль гэта жахлівая вайна не скончыцца», — падкрэсліў ён.

Па словах Мерца, падчас кожнай сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам ён спрабуе пераканаць яго, што стабільная Еўропа, еўрапейскі кантынент і Еўрасаюз як партнёр у свеце адпавядаюць уласным інтарэсам самога Трампа.

Падсумоўваючы, канцлер дадаў, што еўрапейскія ўрады ўсвядомілі сур'ёзнасць сітуацыі на фоне напружанасці паміж ЗША і Украінай, а таксама здзелкі Вашынгтона з Масквой па дызельным паліве, таму краіны рэфармуюць абаронныя сістэмы, каб стаць больш незалежнымі.

«Мы чуем трывожны сігнал. І мы імкнемся паставіць сябе ў такое становішча, якое дазволіць нам быць дастаткова моцнымі, каб канкураваць і самастойна бараніць сябе ў межах НАТА», — падсумаваў канцлер Германіі.

Апошнія навіны