Лукашысты забаранілі імпарт з Латвіі кансерваў, кніг і вуд
- 20.10.2026, 10:23
Новыя абмежаванні патлумачылі «абаронай нацыянальных інтарэсаў».
Забарона на імпарт у Беларусь з Латвіі тавараў паводле 38 кодаў і пазіцый класіфікатара ТН ЗЭД Еўразійскага эканамічнага саюза ўведзена пастановай Савета Міністраў № 526 ад 17 кастрычніка, піша «Позірк».
Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 20 кастрычніка. Напярэдадні прэс-служба ўрада паведаміла, што ён прыняты «з мэтай забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў» — у сувязі са здзяйсненнем Латвіяй «недружалюбных дзеянняў» у дачыненні да краіны, яе грамадзян і арганізацый, у тым ліку «ў форме ўвядзення забароны на імпарт асобных тавараў».
У пералік увайшла пэўная харчовая прадукцыя — гатовыя прадукты і кансервы з ласося, сардзінелаў, кількі, трэскі; сумесі вітамінаў і мінеральных рэчываў, прызначаныя для збалансаванага дапаўнення рацыёну харчавання. У ім фігуруюць асобныя тавары для адпачынку — вуды, рыбацкія прыналежнасці, аналагічныя прыналежнасці для палявання або стральбы; а таксама тавары для інтэр’еру — статуэткі і іншыя дэкаратыўныя вырабы; драўляныя рамы для карцін, фотаздымкаў, люстэркаў або аналагічных прадметаў; мэбля і яе часткі.
Забарона таксама ўведзена ў дачыненні да друкаванай прадукцыі — кніг, газет, рэпрадукцый і іншых вырабаў паліграфічнай прамысловасці; рукапісаў, машынапісных тэкстаў і планаў. Гэта ж датычыць асобнага тэкстылю — гіграскапічнай ваты з баваўняных тэкстыльных валокнаў і вырабаў з яе; коўдраў (акрамя электрычных) і дарожных пледаў з воўненай пражы або пражы з тонкага валасу жывёл.
Частка пазіцый датычыцца металічных вырабаў і інструментаў, сярод якіх рашоткі, сеткі і агароджы з чорных металаў, шарнірныя ланцугі і іх часткі, іншыя вырабы з чорных металаў; палатны для цыркулярных пілаў, нажы і рэжучыя ляза для машын або механічных прыстасаванняў для апрацоўкі драўніны.
Забараняецца імпарт таксама прадукцыі, звязанай з машынабудаваннем, у прыватнасці — крапежнай арматуры, фурнітуры і аналагічных дэталяў для маторных транспартных сродкаў; рухавікоў і іншых сілавых установак; частак сельскагаспадарчых машын і машын для ўборкі або абмалоту сельскагаспадарчых культур; падшыпнікаў шарыкавых або ролікавых, корпусаў падшыпнікаў з убудаванымі шарыкавымі або ролікавымі падшыпнікамі; частак і прыналежнасцей маторных транспартных сродкаў.
Яшчэ адна група тавараў — электраабсталяванне. Ідзе гаворка пра іншыя трансфарматары магутнасцю не больш за 1 кВА; машыны для прыёму, пераўтварэння і перадачы або аднаўлення голасу, выяў або іншых даных, уключаючы камутацыйныя прылады і маршрутызатары; антэны і антэнныя адбівальнікі ўсіх тыпаў, часткі, што выкарыстоўваюцца разам з гэтымі вырабамі; носьбіты для запісу гуку або іншых з’яў; электраапаратуру для камутацыі або абароны электрычных ланцугоў (аўтаматычныя выключальнікі, рэле, іншыя пераключальнікі, патроны для лямпаў, штэпселі і разеткі, іншыя прылады).
Згаданы спіс дапаўняе пералік прадукцыі, імпарт якой беларускія ўлады раней забаранілі з Літвы. Тады абмежаванні закранулі харчовую прадукцыю і напоі, касметыку, бытавую хімію і парфумерыю, тавары лёгкай прамысловасці, адзенне і абутак, бытавую тэхніку, сантэхніку і посуд, паперу і аздобныя матэрыялы і інш.