Лукашэнка зняў з пасады кіраўніка Віцебшчыны
- 20.10.2026, 18:07
У сувязі з хваробай.
Аляксандр Рагожнік вызвалены ад пасады старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў сувязі з хваробай, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Лукашэнка падпісаў два ўказы — аб вызваленні Рагожніка ад пасады ў сувязі з хваробай і аб прызначэнні выконваючым абавязкі старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргея Леўковіча. Апошні да гэтага займаў пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты па даручэнні дыктатара 20 кастрычніка сустрэўся з актывам аблвыканкама, прадставіў выконваючага абавязкі кіраўніка вобласці і «акрэсліў актуальныя задачы па развіцці рэгіёна».
Нагадаем, Рагожнік быў прызначаны кіраўніком Віцебшчыны ў студзені бягучага года — на змену Аляксандру Суботіну.
Чыноўніку 50 гадоў, ён родам з Гомеля. Раней працаваў у мытні, адміністрацыі свабоднай зоны «Гомель-Ротон», займаў іншыя пасады на розных прадпрыемствах. З 2022 па 2024 год быў міністрам прамысловасці. У чэрвені 2024 года Рагожніка прызначылі паслом Беларусі ў Расіі.