BE RU EN

Вялікабрытанія накіруе ў Саудаўскую Аравію знішчальнікі

  • 21.10.2026, 1:52

Для абароны ад хусітаў.

Вялікабрытанія вырашыла накіраваць у Саудаўскую Аравію знішчальнікі Typhoon для абароны ад еменскіх хусітаў, што атакуюць краіну, піша Financial Times са спасылкай на Міністэрства абароны каралеўства. Баявыя машыны будуць накіраваныя для абароны саудаўскіх гарадоў і крытычна важнай інфраструктуры ад ракетных і дронавых нападаў, якія праводзяць падтрыманыя Іранам хусіты. Таксама Лондан накіруе брытанскіх ваенных дарадцаў для падтрымкі саудаўскіх штабных афіцэраў і транспартны самалёт Atlas A400M для дапамогі ў перамяшчэнні цяжкай тэхнікі па краіне.

За апошнія тыдні хусіты ўзмацнілі ўдары па Саудаўскай Аравіі. Падчас маштабнай атакі на міжнародны аэрапорт імя караля Халіда ў Эр-Рыядзе загінулі як мінімум 13 чалавек, яшчэ больш за 300 атрымалі раненні. Таксама баевікі нанеслі ракетныя ўдары па штаб-кватэры нафтавай дзяржкампаніі Saudi Aramco ў горадзе Дахран. Адбыліся і іншыя абстрэлы. Кіраўнік брытанскага Мінабароны Уэс Стрытынг заявіў, што атакі «на нашага саюзніка, Саудаўскую Аравію, абсалютна недапушчальныя». Знішчальнікі Каралеўскіх ВПС будуць выконваць абаронную ролю і «не будуць наносіць наступальныя ўдары па хусітах», паведамілі ўлады.

Як адзначае Bloomberg, прамое ўмяшанне Вялікабрытаніі ў барацьбу з хусітамі стане, бадай, найбольш магутным праяўленнем падтрымкі Эр-Рыяда з боку ключавога саюзніка за ўсю гісторыю. Раней прынц-спадчыннік Мухамед бін Салман звяртаўся па дапамогу да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, але гэта пакуль не прывяло да ваеннага ўмяшання амерыканцаў, а новы абарончы пакт з Турцыяй і Пакістанам забяспечыў толькі абмежаваную дапамогу.

Парыж накіраваў радыёлакацыйныя сістэмы ў саудаўскі порт Янбу на Чырвоным моры, які падвяргаецца абстрэлам, а Егіпет павінен у бліжэйшыя дні разгледзець магчымасць падтрымкі Саудаўскай Аравіі. Дзяржавы Персідскага заліва выступілі з заявамі ў падтрымку каралеўства, але ўстрымаліся ад удзелу ў вайне супраць хусітаў. Раней і сам Лондан абмяжоўваўся толькі дазапраўкай самалётаў у паветры ў мэтах абароны.

«Напад на аэрапорт у Эр-Рыядзе, у прыватнасці, паказвае, на якія крайнасці ідуць хусіты, каб абвастрыць сітуацыю ў рэгіёне», — заявіў Стрытынг. Саудаўская Аравія з-за бесперапынных атак хусітаў нават была вымушаная перанесці на наступны год сваю галоўную інвестыцыйную канферэнцыю Future Investment Initiative.

Знішчальнікі RAF Typhoon здольныя эфектыўна змагацца з буйнымі беспілотнікамі і большасцю тыпаў крылацатых ракет. Гэтую задачу яны выконвалі і ў Персідскім заліве падчас вайны супраць Ірана.

Апошнія навіны