Неабвешчаная вайна супраць Еўропы
- Дзмітрый Чарнышоў
- 21.10.2026, 9:31
Няўжо пагромшчыкаў дарагіх крамаў на Елісейскіх палях хвалююць нізкія заробкі настаўнікаў?
У Еўропы сёння ёсць два сапраўдныя стратэгічныя саюзнікі – Украіна і Ізраіль. Гэта краіны, якія штодзень змагаюцца са страшным злом. Расійскія танкі яшчэ не стаяць у Рызе, таму што украінцы паляць іх пад Малаю Токмачкай. Тысячы баевікоў яшчэ не ўчыняюць пагромы ў Амстэрдаме або ў Рыме, таму што аперацыя «Пейджер» пазбавіла іх канечнасцяў. Ракеты і дроны сёння не ляцяць на Варшаву і на Хельсінкі, таму што іх рыхтуюць для Адэсы і Тэль-Авіва.
Расія даўно вядзе супраць Еўропы неабвешчаную вайну, і толькі дуракі могуць гэтага не бачыць. Расія пераразае кабелі, узрывае зброевыя фабрыкі і склады з боепрыпасамі, запускае дроны ў раёне аэрапортаў, забівае і запалохвае людзей. Вядома, Крэмлю страшна ваяваць з НАТА наўпрост, таму чэкісты робяць усё, каб разваліць НАТА знутры. Расія фінансуе адначасова і радыкальна правых, і радыкальна левых – яе задача ўладкаваць хаос у Еўропе.
Раскрыццё архіваў Штазі, чэхаславацкай StB і паказанні перабежчыкаў шмат расказалі пра тэхналогіі спецслужбаў па падрыве Еўропы знутры. Чэкісты фінансавалі і навучалі арабскіх баевікоў. Румынская «Секурытатэ» прыцягвала групу Карлоса «Шакала» для аперацый супраць эмігрантаў. Крэмль вельмі любіў дзейнічаць чужымі рукамі – маўляў, гэта нямецкая Штазі давала прытулак і новыя дакументы заходненямецкай «Фракцыі Чырвонай арміі».
Чэкісты прыдумалі захопы самалётаў і падтрымлівалі еўрапейскіх тэрарыстаў. Аперацыя «Інфекцыя» прыпісвала стварэнне СНІДу амерыканскім ваенным лабараторыям (пра ўкраінскія спецыяльныя лабараторыі вы не забыліся?) У Еўропе рыхтаваліся тайнікі са зброяй і выбухоўкай для падрыўной дзейнасці. Па заданні чэкістаў апаганяліся магілы і маляваліся свастыкі на сінагогах. Перад Алімпіядай у Лос-Анджэлесе чэкісты пісалі падложныя лісты ад імя Ку-клукс-клана спартсменам з Афрыкі і Азіі. Масква фінансавала Сусветную раду міру і аплачвала пратэсты супраць амерыканскіх ракет у Еўропе.
І сёння Масква займаецца тым самым. Бярэцца любы канфлікт у грамадстве (міграцыя, вайна на Блізкім Усходзе, цэны на энергію, пратэсты фермераў) і ўзмацняецца ў сто разоў. Аднай рукой расійская сетка малюе зоркі Давіда, другой апаганьвае Мемарыял Шоа ў Парыжы. Правакацыі супраць яўрэяў і супраць мусульман ідуць адначасова. Проста сёння замест кадравых агентаў — аднаразовыя выканаўцы, найманыя праз «Тэлеграм» за некалькі сотняў еўра. Гэта танна, і галоўнае — дазваляе ўсё адмаўляць: выканаўцу можна злавіць, але даказаць сувязь з заказчыкам цяжка. А ты дакажы, што гэта ГРУ. Вы насамрэч думаеце, што пагромшчыкаў дарагіх крамаў на Елісейскіх палях хвалююць нізкія заробкі настаўнікаў у Францыі? Шчыра?
У 2022 годзе Крэмль запусціў аперацыю па дэзінфармацыі «Доппельгангер». Дзесяткі тысяч расійскіх ботаў штодня нацькоўваюць палякаў на ўкраінцаў, левых на правых, рэспубліканцаў на дэмакратаў, амерыканцаў на еўрапейцаў, мясцовых на мігрантаў, чорных на белых, прагрэсіўную сусветную грамадскасць на Ізраіль і г.д.
Задача Крэмля — пакінуць Еўропу без саюзнікаў. Каб выбіць Ізраіль, выкарыстоўваюць хлусню пра генацыд палестынцаў. Каб выбіць Украіну, укладваюць грошы ў гісторыі пра тое, як Еўропа стамілася ад падтрымкі Кіева. Дастаткова дамагчыся, каб людзі перасталі давяраць адзін аднаму, паліцыя — грамадзянам, грамадзяне — паліцыі, а саюзнікі пачалі падазраваць, што ў крытычны момант кожны з іх застанецца адзін.
Украіна пяты год перамолвае расійскую армію, Ізраіль восьмае дзесяцігоддзе перамолвае арабскіх тэрарыстаў. Яны губляюць сваіх вайскоўцаў і мірных жыхароў. На іх гарады ляцяць ракеты. Ім патрэбная ваша падтрымка. Вы толькі ўявіце, наколькі свет стане лепшы пасля таго, як рэжым чэкістаў рухне.
Дзмітрый Чарнышоў, «Тэлеграм»