Нечаканая змена кіраўніка Віцебшчыны выклікала пытанні
- 21.10.2026, 11:09
Парадокс кадравай палітыкі Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка зняў з пасады кіраўніка Віцебскай вобласці Аляксандра Рагожніка. Афіцыйная прычына — «у сувязі з хваробай».
Выконваць абавязкі старшыні Віцебскага аблвыканкама прызначылі Сяргея Леўковіча, які да гэтага моманту быў першым намеснікам Рагожніка, піша «Салідарнасць».
Нечаканая змена кіраўніцтва вобласці выклікае адразу некалькі пытанняў. Для пачатку — літаральна днямі Лукашэнка наведваў Віцебшчыну, і падчас яго візіту да набліжанага да ўлады бізнесоўца Мікалаю Вераб'ю і міністру сельскай гаспадаркі, і кіраўніку вобласці давялося не раз пачуць пра неабходнасць пераймаць досвед у прыватніка.
Калі прыняць на веру афіцыйную версію пра хваробу, узнікае пытанне: для чаго даваць указанні таму, каго ты і так збіраешся зняць з пасады?
Дарэчы, ні ў Верхнядзвінскім раёне, ні на «Дажынках» у Мёрах Рагожнік не выглядаў няздольным выконваць свае абавязкі.
Ёсць пытанні і да самога прызначэння яго на пасаду кіраўніка вобласці на пачатку гэтага года. Яго папярэдніка Аляксандра Субоціна кіраўнік здымаў са скандалам, дагаварыўшыся да таго, што «мы сёння без Віцебскай вобласці можам спакойна абысціся».
І вось парадокс кадравай палітыкі: абвінаваціўшы кіраўніцтва вобласці ў масавым падзяжы жывёлы, Лукашэнка зняў з пасады дыпламаванага ветэрынара Субоціна, паставіўшы на яго месца вырашаць набалелую праблему прамыслоўца Рагожніка.
Адзначым, што новая змена кіраўніцтва Віцебшчыны адбылася на фоне чарговай хвалі трывожных заяў пра будучыню рэгіёна.
Сяргей Леўковіч раней займаў пасаду першага намесніка старшыні Мінаблвыканкама. Перад адправкай у Віцебск ён атрымаў ад Лукашэнкі каштоўныя ўказанні: «Калі там яны ў лесе, дык давайце займацца лесаперапрацоўкай, прамысловасцю і гэтак далей. Калі ў Віцебскай вобласці цяжка атрымаць збожжавыя і зернебабовыя, давайце тады займацца ялавічынай, атрымліваць малако. А ў Оршы, Талачыне і Віцебскім раёне — вось гэты куст — там можна займацца збожжам. Там куры, свінні могуць быць. У прынцыпе, там так і ёсць. Не стае дысцыпліны і арганізаванасці. Увогуле, праблем процьма».
Ці справіцца ён з гэтай процьмай у новым статусе — яшчэ адно вялікае пытанне.