BE RU EN

Сустрэча Пуціна і Уіткофа: што вядома пра вынікі

  • 21.10.2026, 17:37

Яна працягвалася каля трох гадзін.

У Пецярбургу завяршылася сустрэча Пуціна і пасланца прэзідэнта ЗША Стывена Уіткофа.

Як паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, яна працягвалася каля трох гадзін, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле слоў памочніка расійскага прэзідэнта Юрыя Ушакова, Пуцін у размове з Уіткофам выказаў гатоўнасць — у прынцыпе — аднавіць трохбаковыя перамовы з Украінай і ЗША па пытанні спынення вайны «ў дзесятых чыслах лістапада». Такіх перамоваў не вялося з пачатку года. Ушакоў адзначыў, што дыскусія павінна датычыцца «выбудовы сістэмы бяспекі для Расіі і Украіны».

Уіткоф прывёз у Расію дакументы, якія змяшчаюць прапановы па ўрэгуляванні вайны. Паводле слоў спецпасланніка Дональда Трампа, існуе аснова для дасягнення дамоўленасці аб спыненні агню. Уіткоф выказаў надзею, што Пуцін разгледзіць магчымасць аднаўлення перамоў Расіі, ЗША і Украіны для абмеркавання тэхнічных пытанняў.

Пуцін падчас сустрэчы з Уіткофам падзякаваў Трампу за ўвагу да ўрэгулявання вайны. Паводле слоў расійскага прэзідэнта, падчас апошняй тэлефоннай размовы Трамп падкрэсліваў неабходнасць спыніць баявыя дзеянні, каб спыніць чалавечыя страты.

Расійскі прэзідэнт таксама заявіў пра зацікаўленасць у аднаўленні эканамічных сувязяў з ЗША і паведаміў, што мае намер абмеркаваць з Уіткофам магчымую сустрэчу з Трампам у Кітаі. Акрамя таго, Пуцін выказаў гатоўнасць садзейнічаць урэгуляванню канфлікту вакол Ірана.

Асобнай тэмай перамоваў стала расійска-амерыканская здзелка па пастаўках дызельнага паліва. Пуцін таксама паведаміў пра гатоўнасць Расіі павялічыць пастаўкі ўгнаенняў на амерыканскі рынак. Уіткоф ад імя Трампа падзякаваў расійскаму прэзідэнту за рашэнне па дызельнай здзелцы.

Падчас візіту стала вядома, што Расія вызваліла амерыканца Стывена Хаббарда, асуджанага па абвінавачанні ў найміцтве.

Падчас сустрэчы Уіткоф назваў Пуціна гуманістам. Фрагмент размовы распаўсюдзіўся ў сацсетках. «Вы шмат кажаце, што прэзідэнт Трамп — гуманіст. Вы таксама гуманіст», — сказаў амерыканскі спецпасланнік.

Выказванне выклікала крытыку з боку сенатараў-рэспубліканцаў. Джон Корнін напісаў: «Не, Пуцін — халаднакроўны забойца». Яго калега Том Тылліс параіў Уіткофу паглядзець значэнне слова «гуманіст» у слоўніку.

Уіткоф прыбыў у Санкт-Пецярбург раніцай 21 кастрычніка пасля перамоваў у Осла з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам і прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гар Сцёрэ. Амерыканскі перамоўшчык назваў сустрэчу прадуктыўнай.

Раней дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо паведаміў, што Уіткоф прадставіць Маскве вынікі перамоваў з украінскім і еўрапейскім бакамі. Пра канкрэтныя дамоўленасці аб спыненні вайны па выніках сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу пакуль не паведамлялася.

Апошнія навіны