Прэзідэнт Узбекістана зацвердзіў новы варыянт алфавіту на лацініцы
- 21.10.2026, 18:21
Пераход да новага алфавіту заняў у краіны 33 гады.
Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падпісаў указ, згодна з якім рэспубліка перайдзе на новы варыянт алфавіту, блізкі да пісьменнасці цюркамоўных краін. Пра гэта паведаміла кіраўніца адміністрацыі Саіда Мірзіёева. Да гэтага моманту ў рэспубліцы выкарыстоўваліся дзве графічныя сістэмы — кірыліца і лацініца.
«Нарэшце выпраўлена шматгадовая гістарычная памылка. Сёння наш прэзідэнт падпісаў закон аб удасканаленні ўзбекскага алфавіту, заснаванага на лацінскай графіцы. Гэтае пытанне выклікала спрэчкі на працягу многіх гадоў, і канца ім не было відаць», — напісала Мірзіёева ў Telegram-канале.
Цяпер узбекскі алфавіт складаецца з 28 літар і аднаго апострафа замест былых 26 літар і трох літарных спалучэнняў. Чакаецца, што змены паспрыяюць распаўсюджанню ўзбекскай мовы і спросцяць яе выкарыстанне ў лічбавым асяроддзі. Пры гэтым працэс пераходу будзе паэтапным: падручнікі, шыльды і іншыя ўказальнікі будуць замяняць па меры заканчэння тэрміну іх службы. Замены нацыянальнай валюты і дакументаў не будзе.
Лацінскі алфавіт, які замяніў арабскае пісьмо, афіцыйна выкарыстоўваўся ў Узбекістане з 1929 года. Пераход на кірыліцу адбыўся ў 1940–1942 гадах ва Узбекскай ССР. Праз некалькі гадоў пасля здабыцця незалежнасці — 2 верасня 1993 года — парламент Узбекістана прыняў закон «Аб увядзенні ўзбекскага алфавіту, заснаванага на лацінскай графіцы». Яго канчатковы варыянт у Сенаце зацвердзілі толькі 10 верасня 2026 года. Пераход да новага алфавіту заняў у рэспублікі 33 гады.