Жыхары Данецка заяўляюць пра пачатак «грамадзянскай вайны» ў горадзе
- 21.10.2026, 19:23
Сітуацыя ў горадзе, акупаваным РФ, пагаршаецца штодня.
Расійская прапагандыстка, якая прыехала ў Данецк і вядзе Telegram-канал «Данецкая Мартынава», паведаміла пра масавае адключэнне электраэнергіі і сувязі у акупаваным горадзе. Паводле яе слоў, сітуацыя ў горадзе пагаршаецца штодня: перасталі працаваць інтэрнэт і тэлебачанне, вуліцы апусцелі, а крамы альбо закрыліся, альбо трымаюцца на генератарах, перадае «Дыялог».
Таксама з'явілася відэа, на якім жыхарка Данецка заявіла пра пачатак грамадзянскай вайны паміж жыхарамі аднаго дома за ваду.
«Вады няма ўжо год. Паміж суседзямі ўжо адбываецца грамадзянская вайна. Дапамажыце, а то хутка суседзі будуць хаваць адзін аднаго», — заявіла яна.
Нават паводле меркаў ваеннага часу тое, што адбываецца, стала для яе шокам. Каб апублікаваць паведамленне, ёй давялося шукаць людзей, у якіх былі генератар і доступ да іншага інтэрнэт-правайдара.
«Данецкая раніца ў мяне пабіла рэкорды ўсяго ваеннага часу. Электраэнергіі няма. Стацыянарнага інтэрнэту няма. Мабільнага інтэрнэту няма. Дарэчы, мабільнай сувязі таксама няма. (Апошнія два пункты былі заўсёды!) Уключаеш тэлевізар (ад генератара) — там усё пуста. Не ведаю, на лепшае ці на горшае, але хоць не «Лебядзінае возера». Дабралася да добрых людзей, у якіх генератар і іншы правайдар, пішу вам адсюль.
Шматлікія святлафоры не працуюць. Дарэчы, той рух, які я назіраю, — на ўзроўні выхаднога дня. Пустынна. Дробныя крамы або не адкрыліся, або закрыліся значна раней. Тыя, што буйнейшыя, цягнуць на генератарах, адключыўшы халадзільнікі.
А як вы правялі гэты дзень блэкауту? На працу хадзілі? Уладкавалі сабе выходны? Цікава, як у Данецку ў панядзелак спраўляюцца тыя героі, якія працуюць у дзяржустановах або проста па графіку. Людзі дарагія, я проста не ўяўляю!!!!»
Паводле яе апісання, раніцай панядзелка вуліцы ў яе частцы горада былі бязлюдныя: «Усе ў афігенні сядзяць па дамах». Ажыўленне захоўвалася толькі каля крамы з генератарамі. Аўтарка параіла запасацца наяўнымі, мяркуючы, што плацежныя тэрміналы таксама могуць не працаваць. Пазней чытачы паведамілі ёй і пра адсутнасць радыё.
Да вечара істотнага паляпшэння яна не ўбачыла. У наступным паведамленні Мартынава напісала, што Ленінскі раён застаецца без нармальнага электразабеспячэння, цэнтр падключаны толькі часткова, а стан сувязі ўдзень быў «катастрафічны». Паводле слоў мясцовых жыхароў, на якіх яна спаслалася, падобная сітуацыя назіралася практычна па ўсім горадзе.