У Беларусі ўзмацняюць ахову ваенных авіябаз
- 21.10.2026, 20:04
Ёсць прыкметы, якія на гэта ўказваюць.
Камандаванне Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны закупляе абсталяванне для аховы трох ваенных авіяцыйных аб’ектаў. Сума здзелкі перавышае 1,8 млн рублёў. Усю тэхніку аплацяць з дзяржаўнага бюджэту. Гэта «Зеркало» высветліла паводле даных дзяржзакупкі.
Вайскоўцы закупляюць цеплавізійныя камеры і датчыкі выяўлення парушальнікаў. Пра гэта сведчаць даныя, апублікаваныя на сайце дзяржзакупак.
Усяго размешчаны два лоты. Першы — 200 цеплавізійных IP-камер. З іх па 70 штук накіруюць на 61-ю знішчальную авіябазу ВПС у Баранавічах і 116-ю гвардзейскую штурмавую авіябазу ў Лідзе. А яшчэ 60 — на ваенны аэрадром у Мачулішчах.
Пастаўшчыком выступіць кампанія «Датастрим ДЕП», якая гатовая паставіць камеры назірання для аўтаматычнага выяўлення пранікнення на ахоўваемую тэрыторыю за 794 тыс. рублёў. Гэта па 3970 рублёў за штуку.
Як вынікае з апісання, чакаецца пастаўка камер DHI-TPC-BF5641-V1 або іх аналагаў. Яны павінны аўтаматычна выяўляць парушальнікаў на ахоўваемай тэрыторыі, нават калі тыя перамяшчаюцца паўзком.
Для гэтых жа аб’ектаў закупляюць 130 вібрацыйных апавяшчальнікаў «Лиана» ў выкананні Ethernet або іх аналагаў. Імі ваенныя аб’екты забяспечыць «Атомиум-секьюрити» крыху больш чым за 1 млн рублёў. Гэта па 7752 рублі за штуку. У гэтым выпадку ў Баранавічы і Ліду паставяць па 50 сістэм, а ў Мачулішчы — 30.
Нагадаем, 26 лютага 2023 года на авіябазе ў Мачулішчах у выніку атакі дронаў быў пашкоджаны самы дарагі самалёт Расіі — ДРЛО А-50. Расійскія вайскоўцы падчас агрэсіі супраць Украіны выкарыстоўвалі яго як «лятаючы радар».
У верасні таго ж года ў Беларусі насельніцтву забаранілі ўвозіць дроны і карыстацца імі.