Вядомы беларускі велагоншчык пайшоў працаваць у таксі
- 21.10.2026, 21:49
Пераможца этапу «Вуэльты Іспаніі» расказаў пра прычыны свайго рашэння.
Беларускі велагоншчык, пераможца этапу «Вуэльты Іспаніі» 2010 года і чатырохразовы чэмпіён рэспублікі Яўген Гутаровіч пасля спартыўнай кар’еры стаў працаваць у таксі. Пра прычыны свайго рашэння ён расказаў у эфіры тэлеканала «Беларусь 5».
Гэтая сфера зацікавіла Яўгена, калі ў яго ўзніклі праблемы з атрыманнем візы — яму адмовіла пасольства Францыі:
«Я цэлы год праседзеў у Беларусі. У нейкі момант ужо амаль думаў скончыць з веласпортам, і мой позірк чамусьці аўтаматычна звярнуўся да працы кіроўцам таксі».
Гутаровіч кажа, што пры гэтым у яго былі варыянты:
«Мне прапаноўвалі трэніраваць нацыянальную каманду. Наталля Валер’еўна Цылінская вельмі хацела мяне ўзяць. Але ў мяне трае дзяцей, мы з кожным днём становімся старэйшымі, таму сям’ю трэба забяспечваць. У выніку я выбраў таксі».
Велагоншчык прызнаецца, што не скардзіцца на жыццё і любіць прафесію, якой цяпер займаецца. І дадае:
«Калі я быў маленькім і яшчэ не займаўся веласпортам, то насамрэч хацеў кіраваць фурай. Мне здавалася, што гэта здорава — ездзіць па гарадах і краінах».