BE RU EN

Стуб назваў «найбольш складанае» пытанне ва ўрэгуляванні вайны РФ супраць Украіны

  • 21.10.2026, 22:01

Прэзідэнт Фінляндыі таксама расказаў пра фарматы перамоваў.

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб лічыць, што перамовы па мірным урэгуляванні вайны РФ ва Украіне пройдуць альбо ў двухбаковым фармаце (паміж Расіяй і Украінай), альбо ў трохбаковым — з удзелам ЗША. Яго словы прыводзіць Helsingin Sanomat.

«Перамовы будуць праходзіць альбо паміж Расіяй і Украінай, альбо паміж Расіяй, Украінай і Злучанымі Штатамі. Двухбаковыя альбо трохбаковыя перамовы неабходныя для абмеркавання найбольш складанага пытання, звязанага з тэрыторыямі», — заявіў прэзідэнт Фінляндыі, выступаючы ў Хельсінкскім універсітэце.

Стуб таксама адзначыў, што бягучая задача — накіраваць Расіі сігнал, які будзе спрыяць прасоўванню мірнага працэсу.

Таксама ў парадку дня — гарантыі бяспекі для Украіны і фармаванне новай еўрапейскай архітэктуры бяспекі, зазначыў Стуб. Пры гэтым ён заявіў, што «вяртання да былых трансатлантычных адносін не будзе».

Ён падкрэсліў, што гэта не часовая з’ява, звязаная толькі з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а доўгатэрміновы зрух. Стуб ахарактарызаваў ЗША як «транзакцыйнага гульца» — звышдзяржаву, якая будзе дзейнічаць, зыходзячы з уласных нацыянальных інтарэсаў, не абапіраючыся на традыцыйныя шматбаковыя структуры. Паводле яго слоў, свет уваходзіць у эпоху вяртання сфер уплыву.

Напярэдадні ў Осла прайшлі перамовы спецпасланца прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа, лідара Украіны Уладзіміра Зяленскага, Стуба і прэм’ера Нарвегіі Ёнаса Гара Стёрэ. З Осла Уіткоф накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе сустрэўся з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.

Апошнія навіны