BE RU EN

Маск адказаў на праверку абмежаванняў Starlink біблейскай фразай пра меч

  • 22.10.2026, 2:59

Бізнесмен паабяцаў высветліць, хто «цягне за нітачкі», і «прыйсці па іх».

Глава SpaceX Ілон Маск паабяцаў высветліць, хто стаіць за яго апанентамі, на фоне планаў дэмакратаў у Кангрэсе ЗША расследаваць яго дзейнасць. Пра гэта ён напісаў у X, каментуючы публікацыю Politico.

«Хто мечам жыве, ад мяча і загіне. Тыя, хто заводзіць са мной свару, мусяць разумець, што я высветлю, хто насамрэч цягне за нітачкі, і прыйду па іх, а не толькі па іх марыянетак…» — напісаў прадпрымальнік.

«Усе, хто ўзяў меч, ад мяча загінуць» — гэта біблейскі выраз. Ён паходзіць ад словаў Ісуса ў Евангеллі паводле Мацьвея, 26:52.

Паводле Politico, дэмакраты разглядаюць магчымыя расследаванні ў дачыненні да Маска і яго кампаній, калі вернуць кантроль над Кангрэсам па выніках лістападаўскіх выбараў. Аднам з накірункаў можа стаць яго меркаваная роля ў абмежаванні спадарожнікавай сувязі для ўкраінскіх вайскоўцаў.

Член Палаты прадстаўнікоў Праміла Джаяпал у інтэрв'ю выданню паставіла пытанне пра сітуацыю, калі атрымальнік буйнага дзяржаўнага кантракта выкарыстоўвае яго для адключэння сувязі, неабходнай Украіне. Вядучы дэмакрат у камітэце Палаты прадстаўнікоў па навуцы, космасе і тэхналогіях Зоі Лофгрен заявіла, што колькасць магчымых канфліктаў інтарэсаў у дзейнасці Маска «уражае».

Яшчэ адзін накірунак праверак — праца прадпрымальніка на чале Дэпартамента эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE). Дэмакраты хочуць вывучыць яго ролю ў скарачэнні больш як 250 тыс. федэральных працоўных месцаў, прыпыненні выдзеленага Кангрэсам фінансавання і атрыманні доступу да канфідэнцыйных дзяржаўных дадзеных, піша Politico.

Вядучы дэмакрат у камітэце Палаты прадстаўнікоў па замежных справах Грэгары Мікс назваў адным з прыярытэтаў праверку дэмантажу Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). «Кангрэс павінен запатрабаваць поўнай справаздачы аб шкодзе, якую нанеслі спадар Маск і DOGE, і мы не дазволім нікому перашкаджаць нашаму нагляду», — заявіў ён. Прадстаўнікі Маска не адказалі на неаднаразовыя запыты Politico.

Апошнія навіны